Віцебскага актывіста незарэгістраванай партыі “Белая Русь” Сяргея Рыжова 29 студзеня выклікаюць у суд Першамайскага раёну Віцебску. Паводле слоў Рыжова, супраць яго распачатая справа за ўхіленьне ад выплаты алімэнтаў для непаўнагадовай дачкі, хоць ужо зь лютага мінулага году ён застаецца беспрацоўным і нават страціў сацыяльную дапамогу па беспрацоўі.

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адмаўляецца прызнаваць рашэньні Камітэту па правох чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Пра гэта было паведамлена віцебскаму праваабаронцу Паўлу Левінаву, які зьвяртаўся ў МЗС з просьбай інфармаваць яго пра тэрміны, у якія будзе выкананае рашэньне камітэту наконт яго зваротаў, прынятае на 105-й сэсіі камітэту ў ліпені 2012 году.

Прысьвяціў жыцьцё лячэньню дзяцей, але застаўся без працы ў адзін момант. “Трэба яго вярнуць! Ён сапраўдны доктар”, – гаворыць Зінаіда Шалабанава, жыхарка адной зь вёсак Віцебскага раёну, якая была на ўчастку доктара Пастнова.

У Віцебску створаная кааліцыя па супольным сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка. У склад кааліцыі ўвайшлі большасьць апазыцыйных палітычных сіл, што дзейнічаюць на тэрыторыі вобласьці: Партыя БНФ, Рух «За свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і незарэгістраваная БСДП (Народная Грамада). Старшынём кааліцыі абраны Леанід Аўтухоў, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ.

Малады чалавек на вачох у людзей падняўся на слуп і ўстанавіў там нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта адбылося ў самым цэнтры гораду, каля "Сіняга дому". Акцыя праведзеная ў гонар 150-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Бел-чырвона-белы беларускі сьцяг застаецца дэ-факта забароненым у краіне, пасьля таго як у 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка замяніў яго на чырвона-зялёны савецкі.

Сустаршыні аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) Паўлу Севярынцу дадзены трохдзённы адпачынак. Як паведамляе сайт БХД, Севярынец выкарыстае адпачынак для таго, каб зьезьдзіць дадому ў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога зь вёскі Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці, дзе палітык адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры № 7, да Віцебску і назад зойме каля паўтара сутак. Прыкладна столькі ж Павал зможа пабыць дома.

Сьледчы камітэт распачаў новую крымінальную справу па будаўнічых справах КУП «УКБ Віцебскага аблвыканкаму». Крымінальная справа ўзбуджаная па матэрыялах Упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭП) УУС віцебскага аблвыканкаму. Дырэктару прыватнага будаўнічага прадпрыемства ТАА «Саната-Строй» інкрымінуецца зьдзяйсьненьне злачынства паводле ч.6 арт.16, ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэксу Беларусі (пасобніцтва ў перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

З прычыны несвоечасовай дастаўкі паштовага адпраўленьня Пётар Іваноў зьвяртаўся ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску з патрабаваньнем кампэнсаваць яму маральную шкоду. У судзе работнікі «Белпошты» сваю віну прызналі, прынесьлі заяўніку свае прабачэньні і прапанавалі міравое пагадненьне. Такое пагадненьне было заключанае, і актывіст тут жа ў будынку суду атрымаў ад паштальёнаў 600 тысяч рублёў кампэнсацыі.

У ноч з 12 на 13 студзеня была ўчыненая аблава на наведвальнікаў віцебскага клюбу «XXI стагодзьдзе», дзе ў той час ладзілі вечарыну прадстаўнікі ЛГТБ-супольнасьці. Супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ўварваліся ў клюб і запатрабавалі ад тых, хто знаходзіўся ў ім, стаць ля сьценкі, пасьля чаго распачалі праверку дакумэнтаў. Прысутных здымалі на відэакамэру. Сама меней трое наведвальнікаў вечарыны былі затрыманыя, іх лёс высьвятляецца.

Віцебскія актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ўвечары 11 студзеня правялі чарговую акцыю. На чыгуначным мосце па вуліцы Герцана яны вывесілі банэр “Свабоду народу”.