У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска да 10 сутак арышту асуджаны актывіст Аляксей Прохараў. Працэс адбываўся праз Skype, бо з 22-га траўня віцяблянін знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. Справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.

25 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзьдзя Юры Урбан разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да віцяблянкі Дар'і Юрчанка. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.

22 траўня ў Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу глыбоцкага журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача на пастанову суду ніжэйшай інстанцыі. Скаргу разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова. У выніку яна пакінула пастанову Глыбоцкага суду бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 22 траўня разглядаў справу актывіста «Краіны для жыцьця» Аляксея Саламаненкі, якога вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – «кармленьні галубоў». Судзьдзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў, але рашэньне прымала за закрытымі дзьвярыма і без удзелу самога абвінавачанага.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 19 траўня пакараў віцябляніна Алега Баразну штрафам у памеры 30 базавых велічынь за ўдзел у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Судзьдзя палічыла, што Баразна, адказаўшы на пытаньне блогера, паўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаваньні і парушыў тым самым заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34).