27 жніўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу асуджаных Магілёўскім абласным судом паводле артыкулу 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў») Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыны Шчаснай. Як стала вядома, Вярхоўны суд пакінуў рашэнне абласнога суду без зменаў, а скаргу асуджаных без задавальнення.

20 жніўня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу вядомага краязнаўцы і фотамастака Віктара Барысенкава. Ён абскардзіў рашэнне суддзі Уладзіміра Царыкава, які пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 7 сутак за тры фотаздымкі часоў фашысцкай акупацыі, размешчаныя ў інтэрнэце. Суддзя трактаваў гэта як публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі (ч.1 арт.19.10 КаАП). На разгляд скаргі Барысенкаў прыйшоў з асабістымі рэчамі, гатовы да таго, што яго возьмуць пад варту ў зале суду.

Вядомы віцебскі краязнаўца і фотамастак Віктар Барысенкаў 18 жніўня падаў у абласны суд скаргу на пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску. Тым самым ён выказаў нязгоду з рашэннем суддзі Уладзіміра Царыкава, згодна з якім мусіў быць арыштаваны на сем сутак за публічнае дэманстраванне ў сетцы Інтэрнэт нацысцкай сімволікі.

16 жніўня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску працягнуліся судовыя слуханні ў справе віцябляніна Сяргея Думавы. Як і мінулым разам, на паседжанне прыйшлі знаёмыя падсуднага і неабыякавыя віцябляне. Аднак па хадайніцтве пракуратуры суд прыняў рашэнне выдаліць з залы ўсіх прысутных. Суддзя Міхаіл Юрчанка дазволіў застацца толькі жонцы падсуднага.

Агулам за першае паўгоддзе 2021 году на Віцебшчыне было разгледжана шэсць дзясяткаў крымінальных спраў за публічныя абразы ў Інтэрнэце прадстаўнікоў ўлады, за паклёп, пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. На разглядзе ў судах знаходзяцца яшчэ 9 аналагічных спраў.