Беларуская праваабарончая супольнасць 1 чэрвеня прызнала палітвязнямі яшчэ 5 чалавек, сярод якіх жыхары Воршы Арцём Кандрацьеў і Сяргей Рудзінскі. Абодва былі асуджаныя на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Кандрацьева пакаралі за паклёп (арт. 188 КК), Рудзінскага – за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Жонка палітвязня Уладзіміра Малахоўскага, хворага на анкалогію, Ірына пабывала 26 траўня на спатканні з мужам у следчым ізалятары ў Віцебску. Уладзіміра яна не бачыла каля месяца. Напярэдадні Віцебскі абласны суд разгледзеў яго апеляцыйную скаргу і адмовіў у задавальненні. Прысуд у дачыненні Малахоўскага – тры з паловай гады калоніі – набыў законную моц.

25 траўня Віцебскі абласны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня Уладзіміра Малахоўскага, асуджанага судом Першамайскага раёну Віцебску на тры з паловай гады зняволення. Калегія па крымінальных справах аблсуду пад старшынствам суддзі Галіны Урбановіч скаргу не задаволіла і прысуд не змяніла.

Магілёўскі абласны суд абвясціў прысуд семярым палітвязням, якіх абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Самыя суровыя пакаранні прысудзілі актывістам кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу і сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўлу Севярынцу – па 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Віцебскі абласны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі віцяблян Юліі Кашаверавай і Арцёма Ісакава на рашэнні суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, які ў лютым 2021 году прысудзіў ім адпаведна паўтара і тры гады зняволення. Праваабаронцы прызналі прысуды палітычна матываванымі, а саміх асуджаных – палітвязнямі.