Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзеныя праверкі прадпрыемстваў спажыўкаапэрацыі ў 17-ці раёнах. Выяўленыя шматлікія парушэньні патрабаваньняў дырэктываў прэзыдэнта №1 “Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны”, №3 “Эканомія і ашчаднасьць — галоўныя чыньнікі эканамічнай бясьпекі дзяржавы”, заканадаўства аб захаванасьці ўласнасьці, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, працоўнага і антыкарупцыйнага заканадаўства.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў старшыню Віцебскага аблвыканкама аб адказнасьці за невыкананьне ўзятых на сябе забавязаньняў. Адпаведныя заявы былі зробленыя Лукашэнкам 27 траўня на выязной нарадзе па праблемах кормавытворчасьці і павышэньня эфэктыўнасьці жывёлагадоўлі.

Па выніках работы аграрнай галіны ў 2013 годзе Віцебская вобласьць - адзіная ў краіне - атрымала страту ад рэалізацыі прадукцыі ў памеры Вr45,8 млрд. Пра гэта паведаміў на нарадзе ў Талачынскім райвыканкаме па праблемных пытаньнях у АПК Віцебскай вобласьці прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.

Асноўная частка зваротаў да старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандра Якабсона 16 траўня пад час простай тэлефоннай лініі ў Віцебскім гарвыканкаме была зьвязаная з прыватызацыяй, будаўніцтвам і рамонтам жытла. За дзьве гадзіны на простую лінію паступіла 16 тэлефанаваньняў. З пытаньнямі да старшыні КДК зьвярталіся ня толькі віцебчукі, але і жыхары раёнаў.

Крымінальная справа аб злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі былым начальнікам Віцебскай абласной управы Дзяржпрамнагляду перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўправы СК Беларусі па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.