Як і штогод, грамадзкія актывісты сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай. Гэта другое ў Беларусі — пасьля менскіх Курапатаў — афіцыйна прызнанае месца расстрэлу мірнага насельніцтва ў 1930-50-я гады. Цяпер пра тыя падзеі на Кабыляцкай гары нагадвае самаробны мэмарыял — камень-валун, некалькіі памятных шыльдаў, два даўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны.

Ініцыятар традыцыі адведваць на Дзяды могілкі аднадумцаў — апазыцыянэр Барыс Хамайда. Гэтыя штогадовыя паездкі на могілкі бываюць нешматлікія. Удзельнікі едуць грамадзкім транспартам, бяруць з сабой кветкі, сьвечкі і працоўныя прылады, каб добраўпарадкаваць пахаваньні.

Полацкія актывісты і вернікі ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстралянах каля вёскі Бельчыцы. Аповеды мясцовых жыхароў пра масавыя расстрэлы перадаюцца тут з пакаленьня ў пакаленьне. Ужо даўно Бельчыцы тэрытарыяльна ўвайшлі ў межы Полацку, але памяць пры тыя падзеі жыве. І дзеля гэтай памяці на мясцовых могілках усталяваны высокі зялезны крыж.

У Курапатах усталявалі 8 новых крыжоў. Яны зьявіліся з таго боку Менскай кальцавой дарогі, дзе раней крыжоў не было. Актывісты аргкамітэту БХД паставілі крыжы 27 кастрычніка пасьля паседжаньня Нацыянальнай рады. На ім хрысьціянскія дэмакраты абмяркоўвалі свой удзел у будучых выбарчых кампаніях. Упершыню пасьля 2010 году паседжаньне вёў Павал Севярынец.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” па Віцебску Тацьцяна Севярынец перадала Віцебскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў 60 кніг. Паводле яе словаў, раней актывісты БХД ужо перадавалі інтэрнату кнігі, перадусім клясычную літаратуру, і выхаванцы папрасілі больш звычайнага чытва, што і зрабіла зараз Тацьцяна Севярынец.