Алесь Дзянісаў. Фота: Беларускае Радыё Рацыя. Суд па адміністрацыйнай справе аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў супраць Алеся Дзянісава адбудзецца сёмага лістапада. Пра гэта гарадзенскі музыка паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

Паседжанне адбудзецца ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні, у памяшканні №3. Пачатак паседжання – 10.00.

Другога кастрычніка на Дзянісава быў складзены пратакол па частцы 2 артыкула 17.11 КаАП (выраб або распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства). Падставай для складання пратаколу стаў перапост на старонцы музыкі ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” двух відэа з забароненага анархічнага пабліка.

“Абодва відэа былі рэпостнуты 6 сакавіка 2017 г. Ободва зараз адсутнічаюць, хаця я іх не выдаляў. Нічога на іх экстрэмісцкага няма. Яны - пра ўдзел бярасцейскіх анархістаў у Маршах тунеядцаў”, – напісаў Дзянісаў у Facebook.

Нагадаем, што напрыканцы верасня, за некалькі дзён да складання гэтага пратакола, невядомыя сілавікі патэлефанавалі дахаты Алесю Дзянісаву, калі таго не было дома, і фактычна ўчынілі допыт яго непаўнагадовай дачкі.

Крыніца: Суд над Алесем Дзянісавым за перапост адбудзецца сёмага лістапада