Праваабаронца Алена Маслюкова. Фота: belapan.by 16 кастрычніка ў судзе Светлагорскага раёна адбылося папярэдняе паседжанне па скарзе праваабаронцы Алены Маслюковай на рашэнне мясцовага райвыканкаму, які забараніў правядзенне ў горадзе шостага кастрычніка мірнай акцыі супраць працы завода беленай цэлюлозы.

Праваабаронца вырашыла звярнуцца ў суд, бо лічыць, што такое рашэнне парушае канстытуцыйнае права грамадзян на мірныя сходы. І гэта далёка не адзінае адмоўнае рашэнне. Група светлагорскіх аткывістаў, у тым ліку і Алена Маслюкова, падалі агулам дзясятак заявак на правядзенне ў горадзе масавых мерапрыемстваў на спецыяльна адведзенай для гэтых мэтаў пляцоўцы – стадыёне “Папернік”, аднак ніводная з іх не была задаволена.

Вядзе грамадзянскую справу суддзя Людзміла Сядзько. На паседжанні праваабаронца звярнула ўвагу на той факт, што прычына адмовы ў парвядзенні мірных сходаў на стадыёне “Папернік” практычна заўсёды адна і тая ж: правядзенне ў патрэбны час спартовых мерапрыемстваў ці трэніровак.

Але, напрыклад, шостага кастрычніка і менавіта ў той час, на які актывісты падавалі заяўку (каля 16 гадзін), на стадыёне нічога не адбывалася. У пацверджанне сваіх словаў Алена Маслюкова прадэманстравала відэа з пустога стадыёна. Суддзя, у сваю чаргу,  выслухала ўсе прэтэнзіі і довады Алены.

Па словах Маслюковай, падчас паседжання суддзя рабіла выгляд, што будзе сур’ёзна разбірацца ў гэтай справе. Аднак спадзеваў на тое, што справа будзе вырашана на карысць заяўнікаў, праваабаронца не мае.

“У нас ужо ёсць “сумны досвед”, звязаны з суддзёй Сядзько. Справа ў тым, што ў чэрвені яна адмовіла з задавалненні нашай падобнай скаргі па справе аб забароне пікета ў падтрымку Федыніча і Комліка. Гэта рашэнне затым абскаржвалася ў Гомельскім абласным судзе, а зараз пададзена скарга ў Вярхоўны суд. І я планую давесць справу да Камітэта па правах чалавека ААН”, - распавяла праваабаронца.

Наступнае пасяджэнне па справе адбудзецца 31 кастрычніка ў 14.30 .

Праваабаронца са Светлагорска абскарджвае ў судзе адмову ў правядзенні мірнага сходу

Крыніца: Праваабаронца са Светлагорска абскарджвае ў судзе адмову ў правядзенні мірнага сходу Аўдыё