Канстанцін Астапук у судзе. Фота: Ул. Вялічкін. У судзе Ленінскага раёна Берасця 10 кастрычніка пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы Канстанціна Астапука. Яго вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па арт. 23.4 КаАП.

Нязгодны з будаўніцтвам акумулятарнага завода Канстанцін Астапук быў затрыманы 30 верасня. Падчас затрымання яму стала кепска. Выклікалі "хуткую". Міліцыя адвезла яго на агляд ў шпіталь, а затым у ізалятар часовага ўтрымання. Суткі да суду Астапук разам з блогерам Сяргеем Пятрухіным правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАЎС г. Брэста. 1 кастрычніка яны былі дастаўлены ў суд Ленінскага раёна г. Брэста.

Справу Канстанціна Астапука разглядаў суддзя Святаслаў Каліна. За парушэнне ч. 1 арт 23.34 вынесена пастанова аб прыцягненні да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 14 базавых велічынь.

Аднак у калідоры адразу пад дзвярыма судовай залы Астапуку ўручылі позву “за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” па арт 23.4 у Ленінскі РАЎС.

У судзе сёння забароненыя фота і відэаздымкі.

У судзе Астапук заявіў адвод суддзі Дзмітрыю Шурыну. Для разгляду хадайніцтва абвешчаны перапынак на 15 хвілін. Хадайніцтва не задаволенае.

Пад час перапынку Астапук заявіў што на ІЧУ двойчы прыязджала "хуткая", рабілі ўколы ў вены.

Крыніца: У Берасці судзяць яшчэ аднаго праціўніка будаўніцтва завода АКБ