Друкаваць гэтую старонку
Субота, 15 Лістапад 2014

Актывісты Віцебску распачалі кампанію “Павышэньне якасьці мэдычнага абслугоўваньня”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

10 лістапада 2014 году быў дадзены старт кампаніі “Павышэньне якасьці мэдычнага абслугоўваньня ў Віцебску”. Пра гэта ўдзельнікі кампаніі абвесьцілі на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася ў Віцебску.

Удзельнікі кампаніі падвялі вынікі анкетаваньня насельніцтва па якасьці мэдычнага абслугоўваньня, зь якога вынікае, што большасьць апытаных не задаволеная станам мэдыцыны ў абласным цэнтры - 36 адсоткаў. 30,6% хутчэй задаволеныя, 14,4% — зусім не задаволеныя. Рэспандэнты адзначаюць, што мэдычныя работнікі ставяцца да іх з раздражненьнем і абыякавасьцю — 43,2%, але 41,4% кажуць, што іх абслугоўваюць у паліклініках і лякарнях ветліва, уважліва. Пры тым, што 55,8% апытаных наведваюць мэдычныя ўстановы толькі некалькі разоў на год.

З праблемаў называюць наяўнасьць вялікіх чэргаў - 41,4%; цяжкасьці з атрыманьнем кансультацыяў вузкіх спэцыялістаў — 28,8%; цяжкасьці з атрыманьнем накіраваньняў — 21,6%; дрэнную арганізацыю працы рэгістратуры — 18%. Усе 100% апытаных карысталіся платнымі паслугамі. Галоўная прычына — неабходнасьць доўга чакаць бескаштоўныя паслугі, дасьледваньні — 36%; адсутнасьць патрэбных паслуг у паліклініцы — 27%; “не прапаноўвалі без аплаты” — 25,2%. Аплачвалі людзі і агляд—45%, інструмэнтар, прылады — 50,4%; лекі ў стацыянарах — 10,8%.

Апроч гэтага, існуюць ў Віцебску вялікія праблемы з будаўніцтвам новых паліклінік, даўно заплянаваных гарадзкімі ўладамі (Білева, Поўдзень-7), рамонтам шпіталя №2, інфэкцыйнай. У верасьні ўлады моўчкі скарацілі зь бюджэту гораду фінансаваньне аховы здароўя на 30%.

Усё гэта вельмі непакоіць людзей. Удзельнікі кампаніі мяркуюць паспрыяць вырашэньню згаданых праблем. Будуць складзеныя адмысловыя звароты ў Міністэрства аховы здароўя, гарадзкі выканкам, замаўляцца пікеты, звароты да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, мясцовы Савет.

Крыніца: Прэсавая служба БХД