Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 07 Май 2017

Надпіс на грэбені зь «віцебскіх Курапатаў» можа дапамагчы вызначыць, каму ён належаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У выпадку вызначэньня прозьвішча канкрэтнага чалавека, можна было б дэталізаваць час пахаваньня і паставіць канчатковую кропку ў спрэчках прыхільнікаў двух супрацьлеглых поглядаў. Як вядома, чыноўнікі схіляюцца да вэрсіі, што ў лесе пад Хайсамі ляжаць ахвяры фашыстаў, а грамадзкія актывісты перакананыя, што людзі, пахаваныя тут, былі забітыя за часамі сталінскіх рэпрэсіяў.

На жаль, справа ўскладняецца тым, што плястмасавы грабеньчык адламаны якраз пасярэдзіне жаночага прозьвішча, выдрапанага на ім. Вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну шукаюць у раскопе адламаную частку, але надзеяў на тое, што яна будзе знойдзена, няшмат. Тая частка надпісу, якая захавалася, кажа пра тое, што ўладальніцай грабеньчыка была «Оля Дан…»

Знайсьці другую палавінку знаходкі спадзяецца ня толькі археоляг 52-га пошукавага батальёну Вадзім Тамілін. У ідэнтыфікацыі прозьвішча зацікаўлены і супрацоўнік Акадэміі навук археоляг Алег Іоў, які працуе разам з вайскоўцамі і мусіць зрабіць свае высновы пасьля завяршэньня эксгумацыі парэшткаў.

А пакуль, нягледзячы на тое, што паднятыя з раскопаў рэчы датуюцца толькі даваенным пэрыядам, высновы археолягі робяць розныя. Так, Вадзім Тамілін кажа пра імавернасьць прыналежнасьці пахаваньняў да ваеннага часу, і ў якасьці доказу прыводзіць знойдзены фрагмэнт нямецкага бота. Паведаміць больш падрабязнасьцяў археоляг пошукавага батальёну адмовіўся. А вось расповед Алега Іова быў шчырым і дэталёвым.

Супрацоўнік Акадэміі навук адзначае, што хайсоўскія пахаваньні падобныя да пахаваньняў у Курапатах:

– Бачна, што рабіліся яны па адной і той жа інструкцыі: ямы той жа самай глыбіні, памераў, той самы спосаб расстрэлаў, набор рэчаў той самы. Але ёсьць і адрозьненьні: тут я ня бачыў рэчаў 1938-1940 гадоў. Манэты датуюцца 1928-1931 гадамі, апошняя – 1936 годам, усе гільзы – 30-х гадоў. У Курапатах былі гільзы 39-га і 40-га году, тут няма. Таму паўстае пытаньне: «Калі забойствы адносіць да 42-га году, як некаторыя лічаць, то чаму няма ніводнай рэчы гэтага пэрыяду? Няўжо людзі не хадзілі ў краму з 1939-га па 1942-гі?»

Яшчэ можна сказаць, што гэты аб’ект быў непастаянны, расстрэлы рабіліся эпізадычна. Тут не было калючага дроту, аб’ект не ахоўваўся. Ну і, вядома, у адрозьненьне ад Курапатаў тут не забівалі замежных грамадзянаў. Галёшы трапляюцца піцерскія, маскоўскія, але яны прадаваліся і ў БССР. Знойдзеныя зубныя шчоткі вырабляліся на віцебскай фабрыцы імя Куйбышава, якая працавала з 1936 году да пачатку вайны, то бок ляжыць тут мясцовае насельніцтва.

Колькасьць ахвяраў у яміне 20-30 чалавек, хаця дакладна вызначыць цяжка, бо колькасьць сьцегнавых костак – адна, а колькасьць чарапоў – зусім іншая. Іх значна менш. Відаць, чарапы забралі вандалы. Хаця я не разумею несувымернасьці выдаткаваных чорнымі капальнікамі высілкаў зь мізэрнасьцю атрыманых прыбыткаў. Але, мабыць, гэта настолькі засела ў іхных мазгох, ці яны прапітыя. Не каштуе знойдзенае такіх высілкаў. Гэта ж такая праца!

Сёньня знайшлі гузік зь сярпом і молатам. Па інтэрнэце высьветлілі, што адарваўся ён ад плашча супрацоўніка НКУС, а мо адарваў нехта, схапіўшы таго нкусаўца загрудкі.

Па выніках назіраньняў Алег Іоў павінен будзе напісаць заключэньне для Акадэміі навук і для выканкаму, на просьбу якога ён сюды камандзіраваны. Але, як мяркуе археоляг, наўрад ці яго меркаваньне будзе мець нейкую вагу, бо як такіх раскопак тут няма. Тут проста дабіраюць тое, што ўжо павыварочвалі вандалы. Толькі ў межах адкрытай крымінальнай справы накшталт курапацкай можна было б казаць пра навуковую аб'ектыўнасьць.

Алег Іоў адразу адкінуў вэрсію пра тое, што ў лесе ля Хайсоў ляжаць савецкія грамадзяне з працоўнага лягеру, якіх акупацыйныя ўлады выкарыстоўвалі для рамонту шашы Віцебск – Гарадок. Лягер месьціўся недалёка, у вёскі Бараўляны, але які сэнс расстрэльваць тых, каго выкарыстоўваюць як працоўную сілу?

«Дый не расстрэльвалі гэтак немцы. Яны рабілі траншэю і знішчалі аўтаматным ці кулямётным агнём. Для іх было немэтазгодна капаць яміну ў два з паловай мэтры глыбінёй. Да таго ж наяўнасьць рэчаў асабістага карыстаньня гаворыць пра іншы почырк, падобны да курапацкага. Людзей забіралі наўпрост з дому і не казалі, што вязуць на расстрэл, таму людзі бралі з сабой мыла, конаўкі, зубныя і абутковыя шчоткі, савецкія грошы… У Курапатах мы знаходзілі нават бутэрброды з курыцай. Узялі, вывезьлі і расстралялі, яны нават у турме не былі. І калі гэта 1942 год, то адкуль ў іхных кішэнях духмянае мыла, і навошта ім савецкія манэты? І яшчэ такі момант: амаль усе цэлыя чарапы з уваходнай і выходнай адтулінай, адзінкі маюць адну адтуліну», – кажа археоляг Акадэміі навук.

Некалькі раней былі знойдзеныя два папяровыя артэфакты. Як мяркуецца, гэта паштовы ліст і гандлёвы чэк. Знаходкі ўжо перададзеныя для правядзеньня тэхніка-крыміналістычнай экспэртызы. Ліст можа ўтрымліваць прозьвішча, а чэк – дату.

С. Горкі

1 камэнтар