Пра заробкі варта сказаць асобна. Паводле «Витебских вестей», сярэдні заробак педагога складае каля 1 500 рублёў. Найпрасцей прверыць, ці так гэта, прагледзеўшы вакансіі, прыкладам, у абласным цэнтры. Лічбу 1500 сустрэць не ўдалося ні разу.
Гімназія №5, да прыкладу, шукае настаўніка беларускай мовы і літаратуры, абяцаючы заробак «ад 900 рублёў да вылічэння падаткаў», а сярэдняя школа №9 запрашае выкладчыка матэматыкі, згоднага зарабляць «да 800 рублёў да вылічэння падаткаў». Настаўніка фізкультуры возьмуць у сярэдняй школе №16, прычым гэта можа быць нават студэнт старэйшых курсаў ВНУ, заробак - «ад 625 рублёў». Віцебскай гімназіі №3 патрэбны настаўнік расейскай мовы і літаратуры на палову стаўкі, аплата - «ад 350 да 400 рублёў». У сярэдняй школе №31 патрабуецца настаўнік працоўнага навучання (тэхнічная праца), ахвотным прапануюць заробак «ад 700 рублёў».
Наяўнасць падобных вакансій сведчыць як пра тое, што настаўніцкія заробкі не дасягаяюць 1500, так і пра тое, што настаўнікаў у школах бракуе – нягледзячы на тое, што ў Віцебску ёсць універсітэт, які рыхтуе настаўніцкія кадры длявыкладання практычна ўсіх школьных прадметаў.
Станіслава Рогава