У Бешанковіцкім раёне на сённяшні дзень каля 100 аб’ектаў, занесеных у Адзіны рэестр дамоў, што не маюць гаспадароў, піша газета «Витебские вести». Але гэта далёка не поўная карціна таго, што можна ўбачыць практычна ў любой вёсцы ці нават на ўскраіне горада. У рэестр трапляюць толькі тыя пабудовы, якія афіцыйна перайшлі ў валоданне дзяржавы. Дарэчы, іх прапануюць набыць за сімвалічныя кошты, часам за адну базавую велічыню, каб папоўніць дзяржаўны бюджэт і не выдаткоўваць сродкі на знос.
Большасць закінутых хат маюць сваіх афіцыйных гаспадароў, вымушаных махнуць рукой на маёмасць, якая вымагае ўкладання грошай. Рэдка хто наважваецца на стварэння аграсядзібаў, каб атрымліваць прыбытак, дый умовы для такой дзейнасці зараз не самыя спрыяльныя. Забраць дом проста так райвыканкам не мае права: каб закінутая пабудова перайшла ў дзяржаўную ўласнасць, мясцовыя ўлады вымушаны шукаць гаспадароў або давесці праз суд, што іх няма. Працэдура дужа складаная і працяглая па часе.
У выніку маем што маем: безліч пустых хат рознай ступені занядбанасці. І гэта не паказнік безгаспадарчасці беларусаў, якія не клапоцяцца пра «радавое гняздо» і забыліся пра памяць продкаў, а адлюстраванне фінансавага становішча людзей, якім цяпер не да адпачынку на вёсцы ў дыхтоўным дамку. Дзяржава, якая называе сябе сацыяльна-арыентаванай, аніякім чынам матэрыяльна не падтрымлівае тых, хто хацеў бы ўзнавіць або прыдбаць вясковую сядзібу. Таму людзі вымушаны выдаткоўваць уласныя сродкі на больш надзённыя патрэбы.
Аліна Вароніна