22 жніўня Аллу Грудніцкую прызналі вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні». Паводле міліцэйскага пратакола, «пікетаванне» заключалася ў тым, што жанчына размясціла ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера. Пад фотаздымкам быў подпіс «Жыве Беларусь!!!!! Насілію нет!!!». Суд Наваполацка ў асобе суддзі Зінаіды Балаболавай прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП.
За 5 дзён да таго, 17 жніўня, Балаболава аштрафавала Аллу Грудніцкую паводле ч.2 арт 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» -- за тое, што ў яе Instagram супрацоўнікі міліцыі знайшлі падпіску на старонку замежнага СМІ, прызнанага ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкім. Свае віны жанчына не прызнала ні на адным, ні на другім судовым працэсе.
Лекар-стаматолаг Аляксандр Грудніцкі 17 жніўня быў асуджаны Зінаідай Балаболавай да арышту на 15 сутак паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП. Назаўтра, 18 жніўня, суддзя Балаболава сноў асудзіла мужчыну на 14 сутак – ужо «за распаўсюд экстрэмізму», паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Другі арышт ён мае адбыць па сканчэнні першага.
Сілавікі затрымалі сям’ю Грудніцкіх 16 жніўня, калі муж і жонка вярнуліся ў Беларусь з замежнага падарожжа. Пад увагу міліцыянтаў яны трапілі яшчэ падчас знаходжання за мяжой – 11 жніўня. Прынамсі, гэтая дата пазначана ў пратаколах, дзе напісана, што супрацоўнікі «праводзілі маніторынг сеткі інтэрнэт» і знайшлі падставы для адміністрацыйных спраў.
Людміла Шэнціна