Праваабарончая арганізацыя Libereco апублікавала справаздачу аб маніторынгу рэкламы на дзяржаўных тэлеканалах "Беларусь 1", "АНТ" і "СТБ" у перыяд з 15 па 21 лістапада, які праводзіўся штодня з 19:00 да 22:00. Пра гэта паведамляецца на сайце блогера Антона Матолькі. 

У выніку маніторынгу высветлілася, што заходнія кампаніі размясцілі 58% рэкламных ролікаў на дзяржаўным тэлебачанні. Больш за ўсё было паказана рэкламы кампаній з ЗША (18%) і Германіі (16%).

"Мы вельмі шакаваныя тым, што, у прыватнасці, нямецкія кампаніі працягваюць фінансаваць тэлеканалы Лукашэнкі рэкламнымі грашыма, нягледзячы на шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. […] Неабходна неадкладна спыніць гэтае надзвычай сумніўнае рэкламнае мерапрыемства. Я стаміўся выслухоўваць апраўданні ўсіх гэтых рэкламных кампаній", — сказаў Марка Фібер, старшыня нямецкага аддзялення Libereco.

Паводле звестак Libereco, больш за ўсё рэкламы ў азначаны час размясцілі: Mars (61 рэкламны ролік), Procter and Gamble (51), Henkel (47) і Sanofi (45), Queisser Pharma (30), Grindeks (28), Colgate-Palmolive (27), PepsiCo (25), Dr. Theiss Naturwaren (23) і Sandoz (22).

Аднак эксперты адзначаюць, што ёсць і некаторыя пазітыўныя змены. У лістападзе больш не было рэкламы ад Carlsberg (Данія) і L’Oreal (Францыя). Швейцарская Nestlé значна скараціла сваю рэкламу з 9% у ліпені да 0,4% у лістападзе. Акрамя ўжо згаданых кампаній, значна скарацілі паказы Jacobs Douwe Egberts, Gedeon Richter і іншыя.

Крыніца: Libereco: 58% рэкламы на дзяржаўным тэлебачанні размяшчаюць заходнія кампаніі