У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля сёння абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць 49-гадовай Ларысы Кузьменка, якую ўтрымліваюць з сіндромам клаўстрафобіі ў СІЗА амаль чатыры месяцы. Жанчыну абвінавацілі ў гвалце ў адносінах да супрацоўніка АМАПу (арт. 364 КК) на нядзельным Маршы 27 верасня мінулага года ў Гомелі, калі супраць пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўвалі слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Згодна версіі абвінавачвання, Кузьменка схапіла за руку амапаўца, чым перашкаджала яму працаваць. Жанчына віну не прызнае і адмовілася ад дачы паказанняў, як на судзе, так і падчас следства. Сёння пракурор Сідоранка запрасіў у суда пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Праз некалькі гадзінаў суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Ларысе Кузьменка менавіта такое пакаранне, якое прасіла дзяржабвінавачванне.  Згодна версіі абвінавачвання, Ларыса Кузьменка 27 верасня ў 15.30 знаходзілася на вуліцы Савецкая, з’яўлялася ўдзельніцай масавага мерапрыемства, якое праводзілася ў парушэнне існуючага парадку яго правядзення. Яна дзейнічала «па матывах палітычнай варожасці, з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка атрада міліцыі асобага прызначэння АУС Гомельскага аблвыканкаму, які дзейнічаў у адпаведнасці са службовымі інструкцыямі і нёс ахову грамадскага парадку». Кузьменка разумела, што перад ёй знаходзіцца супрацоўнік унутраных спраў у форме і мела намер прычыніць шкоду камандзіру ўзвода баявога прызначэння АМАПу Пятрову П.П. Таму, выкарыстала гвалт у дачыненні да Пятрова: «выкарыстоўваючы грубую фізічную сілу, схапіла за руку Пятрова і ўтрымлівала яе каб калона пратэстоўцаў магла бесперашкодна прайсці. Потым яна апусцілі яго руку долу, тым самым змясціла пацярпелага з месца. Такім чынам пазбавіла яго фізічнай магчымасці выконваць яго службовыя абавязкі. Прычыніла Пятрову пабоі і фізічны боль. Такім чынам, Кузьменка здзейсніла гвалт над супрацоўнікам міліцыі, каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці».

Падчас Маршу пратэсту ў Гомлі 27 верасня
Падчас Маршу пратэсту ў Гомелі 27 верасня

У чым абвінавачваюць жанчыну?

Віну Ларыса не прызнала.

У СІЗА з сіндромам клаўстрафобіі: дачка гамяльчанкі распавяла гісторыю затрыманай за нядзельны Марш

У Ларысы дыягнаставанае дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі, таму ў СІЗА ёй асабліва цяжка: сваю камеру яна называе "газавай". Дагэтуль яна не змагла прызвычаіцца да такіх умоваў. Пры гэтым жанчына імкнецца лістамі падтрымліваць сваю дачку і рабіць прыемнае трохгадоваму ўнуку: яна дасылае канверты, якія вырабляюць з дапамогай бульбянога пюрэ замест клею, піша ўнуку казкі і стварае малюнкі, напрыклад, "знайдзі 10 адрозненняў". Дачка Ларысы Аліна распавяла "Вясне" гісторыю сваёй маці.

Што адбылося 27 верасня ў Гомелі?

Нагадаем, 27 верасня мінулага года ў некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, прайшоў традыцыйны нядзельны Марш. На 50-ы дзень пратэстаў беларусы выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з сакрэтнай інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні, але больш за ўсіх у той дзень сваёй жорсткасцю вылучыліся гомельскія сілавікі. 

Пасля абеду ў цэнтры Гомеля, ля будынка цырку, сабраліся больш за сотню пратэстоўцаў. Яны атачылі фантан, вадзілі карагод і спявалі песні. Потым перайшлі на іншы бок вуліцы Савецкая. У раёне гарадской лазні на іх шляху сталі супрацоўнікі АМАП. Там і адбылося сутыкненне, падчас якога міліцыя ў Гомелі ўжыла ў дачыненні да пратэстоўцаў слезацечны газ і светлашумавыя боепрыпасы. 

У той дзень была затрыманая Ларыса Кузьменка. За ўдзел у Маршы "Народная інаўгурацыя" суддзя суда Навабеліцкага раёна Гомеля Казлоў асудзіў Ларысу на сем сутак арышту. Пасля абвяшчэння рашэння Ларысе зрабілася дрэнна. Жанчыну адвезлі ў РАУС Навабеліцкага раёна і там выклікалі "хуткую". Паводле словаў дачкі, у яе здарыўся нервовы зрыў, яна ўжо больш за дзесяць гадоў назіраецца ў лякарні. З РАУС яе адвезлі ў псіхіятрычную лякарню, дзе яна прабыла два месяцы. Як кажа дачка Ларысы, яна мае псіхіятрычны дыягназ — дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.

Калі Ларыса Кузьменка ляжала ў лякарні, то тры разы абскарджвала пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці. У выніку ёй скарацілі арышт на трое сутак. Але ў ІЧУ адбываць рэшту адміністрацыйнага арышту — трое сутак — жанчыну так і не забралі. Яна працягвала працаваць на "Гомельшпалеры" і весці звычайны лад жыцця.

Другі раз Ларысу затрымалі сёлета ў жніўні — ужо паводле крымінальнага артыкулу. 6 жніўня супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дадому і спыталі, дзе Ларыса Кузьменка. У той момант яна была на працы. Дачка мяркуе, што на "Гомельшпалеры" яе і затрымалі. Пасля гэтага Ларысу павезлі дадому на ператрус.

За падзеі 27 верасня мінулага года на Маршы 9 жніўня ёй прад'явілі абвінавачванне за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК).

Што кажа абвінавачваная на судзе?

Ларыса Кузьменка ў судзе. Фота:
Ларыса Кузьменка ў судзе. Фота: "Гомельская вясна"

Ларыса Кузьменка віну не прызнала. Калі давала паказанні плакала і казала вельмі ціха:

«У абвінавачанні сказана тое, што я ніколі не рабіла. Я не ішла ў калоне ўдзельнікаў масавага мерапрыемства па вуліцы Савецкай. Я знаходзілася на Савецкай з боку цырка».

Ад дачы далейшых паказанняў Ларыса адмовілася. Падчас следства яна таксама паказанняў не давала.

Як пацярпеў міліцыянт?

Пацярпелы супрацоўнік АМАП Пятроў (прозвішча несапраўднае – «супрацоўнік легендызаваны») на суд не прыйшоў, бо знаходзіцца на бальнічным. У судзе была зачытана заява пацярпелага з просьбай разглядзець крымінальную справу ў яго адсутнасць.

Абаронца Кузьменкі Фаменка выказалася супраць разгляду справы ў адсутнасць пацярпелага, бо для ўсебаковага разгляду акалічнасцяў справы ёй неабходна задаць яму пытанні.

“У справе ёсць тры допыты пацярпелага і яны супярэчлівыя. Каб ухіліць супярэчнасці трэба дапытаць у судзе пацярпелага. У заяве пацярпелага не ўказана, што хвароба сур’ёзная, працяглая”, – заявіла адвакатка.

Таксама адвакатка выказалася, што яна не разумее на якой падставе пацярпелага залегендавалі. Няма аніякіх фактаў, што Кузьменка яму пагражала і з-за гэтага ўзнікла патрэба яго легендаваць.

У сваіх паказаннях на першым допыце міліцыянт расказвае, як 27 верасня, у той момант, калі ён перакрываў шлях калоне, нейкая «жанчына ў бэжавым паліто» нанесла яму ўдар локцем. Ён «адчуў боль у плячы», ад гэтага апусціў руку, і натоўп прарваў ачапленне. На другім допыце супрацоўнік АМАП казаў, што «мужчына ў чорнай масцы» «тузаў мяне ззаду за бронекамізэльку, дзе замацаваныя спецсродкі і зброя». Той мужчына ўцёк. На трэцім допыце міліцыянт казаў, што быў яшчэ «мужчына пажылога веку», які «хапаў за руку», і была жанчына «з БЧБ-сцягам на плячах», якая «ці адцягвала таго мужчыну, ці дапамагала гэтаму мужчыну». На трэцім допыце з'явілася і «незнаёмая мне цёмнавалосая жанчына ў акулярах і ў масцы», якая «схапіла мяне за руку і павісла на ёй», чым прычыніла фізічны боль.

У гэтай жанчыне ён апазнаў па пашпартнай базе Ларысу Кузьменка.

Чым усё скончылася?

2 снежня ў судзе адбыліся судовыя спрэчкі па справе. Пракурор Сідоранка запрасіў для Ларысы Кузьменка пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжымуВось, што сказала Ларыса ў апошнім слове:

"Высокі суд,

у апошнім слове я хачу сказаць, што я выхоўвалася ў сціплай рабочай сям'і. Мае бацькі вучылі мяне быць добрай і дапамагаць іншым. Ніколі мае бацькі не прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Таму пражыўшы 48 гадоў я нікому не зрабіла нічога дрэннага.

Мае бацькі людзі сталага ўзросту. У мамы анказахворванне 4 ступені і я магу яе не ўбачыць, бо яе жыццё ідзе на хвіліны. Тата таксама мае масу захворванняў. Узрост бярэ сваё. А я не магу іх бачыць і не магу ім дапамагчы фізічна.

Абвінавачванне, якое мне прад'яўленае да мяне не можа ставіцца, паколькі я не агрэсіўны чалавек і не асмелілася б абмяжоўваць дзеянні супрацоўнікаў АМАПу. Я не вісла ні ў каго на руках. Калі я ў перыяд з 15 гадзін да 15 гадзін 27 хвілін знаходзілася каля д. 27 па вул. Савецкай, то са мной у непасрэднай блізкасці не было супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу.

Калі ж мяне ў перыяд 15 гадзін 27 хвілін затрымалі за тое, што я спявала гімн і ў пратаколе паказалі, што я ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу, то я патлумачыла, чаму я там апынулася. Я таксама зрабіла для сябе выснову, што больш не буду стаяць побач з людзьмі, калі яны будуць збірацца на вуліцах Гомеля.

Ужо некалькі месяцаў я знаходжуся ў СІЗА. Мне складана знаходзіцца ў дадзенай установе з-за майго захворвання. Я разумею, што нялёгка і тым, хто знаходзіцца са мной у адной камеры. Спачатку я спадзявалася, што следчы разбярэцца, а цяпер спадзяюся, што на Высокі суд.

Я не здзяйсняла злачынства, у якім мяне абвінавачваюць. Мае паказанні ніхто не абверг.

Няма ніводнага відэа, дзе было б відаць, што я 27 верасня ў раёне з 15 да 15: 30 знаходзілася на цотным баку вуліцы Савецкай у Гомелі. Няма ніводнага сведкі, які б пацвердзіў абвінавачванне.

У маім абвінавачванні пазначана, што я 27 верасня ў перыяд часу з 15 гадзін да 15:30 (дакладны час не ўстаноўлены), знаходзячыся паблізу дома №42 па вул.Савецкай.

27 верасня я не ішла ў калоне ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, якое праходзіла па ўсёй вуліцы Савецкай у Гомелі. Я пастаянна знаходзілася на баку па Савецкай, на якой размешчаны «Цырк». Таму я не магла фізічна зрабіць тое, што паказана ў абвінавачванні.

З відэа і фота, якія я бачыла ў крымінальнай справе, відаць, што супрацоўнікі АМАПу спрабуюць схапіць людзей, якія ідуць калонай па цотным баку па вуліцы Савецкай. Але я не ўбачыла, што гэтыя людзі хапалі і ўтрымлівалі хоць аднаго супрацоўніка міліцыі".

Праз некалькі гадзінаў суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў Ларысе Кузьменка менавіта такое пакаранне, якое прасіла дзяржабвінавачванне – 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Падтрымаць Ларысу лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Кузьменка Ларыса Міхайлаўна

Крыніца: Гамельчанку з сіндромам клаўстрафобіі суд адправіў у калонію на 2 гады Дапоўнена