Дзяніс Бацян Суд Фрунзенскага раёна Мінска 27 кастрычніка вынес прысуд па крымінальнай справе Дзяніса Бацяна, па абвінавачванні яго ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ).

Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская, дзяржабвінаваўца – Халап.

Дзяніса Бацяна затрымалі 5 жніўня 2021 года і змясцілі на трое сутак у ІЧУ. Пазней ён быў адпушчаны пад асабістае паручальніцтва.

Па матэрыялах следства, агучаных ў судзе 25 кастрычніка, Дзяніс Бацян 8 верасня 2020 года апублікаваў у інтэрнэце заклікі да дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, учынілі перашкоду ў працы грамадскага транспарту, з дапамогай публікацый у экстрэмісцкіх чатах паведамляў пра перамяшчэнне сілавікаў у Мінску.

Так, у тэлеграм-чаце “Мінск97%” з дапамогай мабільнага тэлефона пакінуў наступнае паведамленне публіцыстычнага зместу:

“Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блакуйце рух, не дайце сілавікам сабрацца, дапамажыце пратэстоўцам!”.

“Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блакуйце рух, не дайце сілавікам сабрацца”

Адвакат прасіла ўлічыць, што матэрыяльнага ўрону прадпрыемству “Мінсктранс” Дзяніс Бацян не наносіў, мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця, якому аказвае дапамогу.

У судовых спрэчках пракурор заявіў, што віна Бацяна даказаная цалкам у поўным аб’ёме і просіць суд пакараць абвінавачанага абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Суддзя Юлія Крэпская вынесла прысуд, які запрашваў пракурор: абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Крыніца: За заклікі да блакіроўкі вуліц мінчука прысудзілі да трох год "хатняй" хіміі