Ужо больш за год у Беларусі колькасць палітычных зняволеных павялічваецца амаль штодзённа. На жаль, у сваякоў не заўсёды атрымліваецца карыстацца ўсімі магчымымі спосабамі падтрымкі вязняў: ім блакуюць ліставанне, пазбаўляюць перадач, не дазваляюць замаўляць кнігі і абмяжоўваюць у падпісках на незалежныя газеты і часопісы. Адзінае, что застаецца — грашовыя пераводы. «Вясна» нагадвае, чаму важна дасылаць вязням грошы, распавядае як гэта зрабіць і як на практыцы выглядае атаварка. Сваякі зняволеных могуць адпраўляць грошы вязням на паштовы адрас, пазначаючы: адрас утрымання зняволенага(-ай),  яго/яе імя і прозвішча, вашыя імя і прозвішча, суму, якую жадаеце перавесці. Грошы будуць пералічвацца на спецыяльны рахунак зняволенага. На атрыманыя грошы ён зможа замовіць у турэмнай краме прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці, прысмакі, канверты, паперу і іншыя неабходныя яму рэчы.

Ілюстрацыя behance.net
Ілюстрацыя behance.net

Грашовы перавод: хто можа дасылаць, як гэта зрабіць і як пра яго даведваецца вязень

Зрабіць гэта можна двума спосабамі: на пошце і праз інтэрнэт-банкінг. Паштовыя пераводы вязням можна зрабіць у любым паштовым аддзяленні, але там бяруць камісію 3% ад сумы (не менш за 1 руб. з кожнага пераводу). Грашовыя пераводы вязням праз інтэрнэт-банкінг можна дасылаць ва ўсе калоніі і СІЗА, акрамя СІЗА-1 на Валадарскага. У СІЗА-1 пераводы дасылаюцца толькі з пошты. Падрабязна пра тое, як можна пераслаць грошы праз інтэрнэт-банкінг, можаце прачытаць у нашым «Вялікім дайджэсце». Там жа можаце знасці рэквізіты для пераводаў.

"Наша сіла — ў салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

«Вясна» сабрала магчымыя спосабы дапамогі палітычным зняволеным у адным матэрыяле.

Грошы даходзяць на працягу некалькіх сутак. Зняволены праз некалькі дзён пасля пераводу атрымлівае ад супрацоўніка бухгалтэрыі квітанцыю: на адным баку паказана хто даслаў грошы, а на іншым —  спіс прыходу, расходу і ўсе атаваркі. Вязень распісваецца ў ім, і з таго моманту можа выкарыстоўваць гэтыя грошы пры атаварцы. Сума, якая можа знаходзіцца на рахунку затрыманага ў ізалятары і якую можна выкарыстоўваць, не абмежаваная. Зняволены будзе ведаць, хто падтрымаў яго, бо пры пераводзе грошай паказваюцца рэквізіты адпраўніка.

Але грашовыя пераводы асуджаным да пазбаўлення волі могуць перасылаць толькі іх сваякі. Пераводы ад іншых асобаў ажыццяўляюцца толькі пры дазволе адміністрацыі калоніі. У следчых ізалятарах і турмах вязні могуць атрымліваць пераводы ад любога чалавека.

Ці аддаюць вязням грошы пасля вызвалення?

Грошы, якія збіраюцца на рахунку вязня за ўвесь час у няволі, аддаюць яму пасля вызвалення, ці калі яго адпускаюць пад падпіску або пераводзяць на «хатнюю хімію». Пасля выходу чалавек атрымлівае квіток аб вызваленні, у якім пазначаецца сума з рахунку, якую вязню выдаюць на рукі.

А калі чалавека этапуюць у іншае СІЗА або калонію?

Пры пераводзе ў іншы ізалятар або калонію сума на рахунку пераходзіць разам з чалавекам. Нават калі грошы выслалі ўжо пасля этапу, то грошы ўсё роўна дойдуць да зняволенага. 

Як праходзіць атаварка ў следчых турмах і ізалятарах?

Атаварка для зняволеных, якія знаходзяцца пад вартай, і ў дачыненні да якіх прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, дазволена двойчы ў месяц: у пачатку месяца і ў канцы. Сам працэс атаваркі цягнецца тры дні. У першы дзень зняволеным прыносяць спіс таго, што ёсць у наяўнасці. Ён захоўваецца ў іх да наступнага дня. На другі дзень супрацоўнік забірае спіс таго, што зняволены хоча набыць. На трэці дзень ужо прыносяць прадукты і квітанцыю аб аплаце.

Вядома, што на “Валадарцы“ ёсць ліміт па прадуктах для атаваркі на аднаго чалавека. Напрыклад: не больш за тры блокі цыгарэт на чалавека, не больш за сем шакаладак, не больш за дзве бутэлькі мінеральнай вады і г. д. У следчай турме №8 у Жодзіне такіх абмежаванняў няма. Спіс прадуктаў для атаваркі на Жодзіна значна шырэй, чым на “Валадарцы“.

Як праходзіць атаварка ў калоніях?

У пачатку месяца начальнік калоніі зацвярджае графік наведвання «крамы» па атрадах. Па рэгламенце, асуджаным магазін можна наведваць тры разы на месяц. У дзень «атаваркі» асуджаныя бяруць з сабой пакеты. У пэўны час па гучнай сувязі даецца аб'ява аб тым, што атрад павінен рыхтавацца да наведвання «крамы». Зняволеныя выходзяць з інтэрната і становяцца па пяць чалавек. Атаварвацца асуджаныя ходзяць адразу па 20-25 чалавек. У краме зняволенаму бухгалтар называе суму, якая ў яго ёсць на рахунку і ўсе паступлення на яго. Бухгалтар называе суму, на якую вязень можа набыць прадуктаў і выдае нумарок, па якім яго выклікае прадавец. Пасля закупаў зняволены зноў вяртаецца да бухгалтара, распісваецца за выдаткаваную суму і вяртаецца на ўчастак.

Як выглядае крама ў калоніі?

Крама ў калоніі знаходзіцца на лакальнай абгароджанай тэрыторыі пад адкрытым небам і з клеткай над галавой. У саму краму пускаюць толькі па тры чалавекі. Астатнія чакаюць на тэрыторыі. Там асуджаныя знаходзяцца да таго часу, пакуль усе не атаварацца.

Крыніца: Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што робяць з грашыма пасля вызвалення чалавека?