Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 22-23 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Масавыя звальненні на Добрушскай папяровай фабрыцы перад візітам Лукашэнкі

Некалькі работнікаў Добрушскай папяровай фабрыкі расказаліРадыё Свабода, што перад візітам Лукашэнкі на прадпрыемства з фабрыкі звальняюць 70 чалавек, якія засвяціліся на пратэстах улетку і ўвосень 2020 года.

“Некаторых звальняюць семʼямі! Спачатку прапануюць напісаць заяву па ўласным жаданні.

Калі хто не згодны — забіраюць пасля змены з прахадной на трое і больш сутак у ізалятар часовага ўтрымання. І потым звальняюць. Ужо аднаго з нашых паказвалі пасля затрымання па прапагандысцкіх telegram-каналах.

Кіраўнікі настолькі згубілі прыстойнасць, што ў вочы кажуць: "Так, гэта рэпрэсіі і пераслед". Людзі баяцца”, — расказаў адзін з былых работнікаў фабрыкі.

Яшчэ адзін з працоўных адзначыў:

“У нас маленькі гарадок, усе ўсіх ведаюць, усе навідавоку. Мы даведаліся ад знаёмага ў выканкаме, што на фабрыку "спушчаны" спіс з 70 чалавек. Цяпер кіраўніцтва шукае спосабы, каб выжыць людзей. Пачалі правяраць прапускны рэжым, адсочваць уваходы і выхады з працы”.

22 кастрычніка

З'явілася інфармацыя пра затрыманне Марыны і Алеся Сакалухаў. Сілавікі прыйшлі з ператрусам і забралі маладзёнаў, піша Кастусь Шыталь.

Як стала вядома ПЦ "Вясна", сёння ў Мінску быў затрыманы Віктар Самотыя. Прычыны і абставіны затрымання - невядомыя.

Вядома, што сярод затрыманых Кацярына Нікіценка. Не выходзіць на сувязь Антон Нечыпарэнка.  

Таксама быў затрыманы Алег Корзун, пасля складання пратакола па арт. 23.7 КаАП (“Парушэнне заканадаўства аб абароне персанальных дадзеных”) яго адпусцілі з аддзялення міліцыі.

Па рашэнні пракуратуры Клецкага раёна прадукцыя тэлеграм-каналаў "Клецк для жыцця!" і "Чат Клецк для жыцця" прызнаная экстрэмісцкай.

22 кастрычніка тэлеграм-канал "Ждановічы сёння" і чат "Ждановичи 2020 — клуб аматараў песень Цоя" прызнаныя “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Звальненні ў Доброшу, затрыманні ў Мінску. Хроніка пераследу за 22-23 кастрычніка