Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 19 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Затрыманне ў Мінску

У Мінску сёння на працоўным месцы затрымалі праграміста Станіслава Падыманскаса. Яго даставілі ў Цэнтральнае РУУС. У чым ён абвінавачваецца пакуль невядома.

Новае экстрэмісцкае фарміраванне ў Беларусі

МУС прызнала telegram-канал «Буслы ляцяць» і адпаведны telegram-чат экстрэмісцкім фарміраваннем.

У адносінах гомельскага валанцёра Іллі Міронава праводзіцца праверка па фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці

Ілля Міронаў. Фота: Новы Час.
Ілля Міронаў. Фота: "Новы Час"

Палітвязню Іллю Міронаву, які знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3, могуць інкрымінаваць частку 1-ю артыкула 361–2 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Гэта вынікае з адказу з РАУС Савецкага раёна Гомеля, які прыйшоў актывісту на хатні адрас і які апублікавала маці Іллі ў фэйсбуку. 

Да затрымання Ілля Міронаў звяртаўся ў РАУС з просьбай вярнуць яму тэхніку, якую вынялі падчас ператрусу 8 ліпеня, які праводзіўся ў валанцёра па арт. 289 КК (акт тэрарызму). Цяпер яму адказалі, што ў адносінах да яго ажыццяўляецца праверка па ч. 1 арт. 361–2 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Ілля Міронаў быў затрыманы ў Гомелі 30 верасня па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Вядома, што Ілля праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці). 

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 19 кастрычніка Дапоўнена