Аляксей Міхаленя ў Вярхоўным судзе. Фота: БелПАН. Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў 7 верасня сваё рашэнне па справе Аляксея Міхалені, расстралянага ў траўні 2018 г.

Камітэт прыйшоў да высновы, што права Міхалені на жыццё было парушана паводле артыкула 6 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага суда.

Аўтарам паведамлення, якое было дасланае ў Камітэт у студзені 2018 г., з’яўляецца бацька Аляксея Міхалені Андрэй. Дакумент падрыхтаваў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", праваабаронца Андрэй Палуда.

На момант падачы скаргі Міхаленя знаходзіўся ў камеры смяротнікаў у чаканні расстрэлу, які ў выніку быў прыведзены ў выкананне, нягледзячы на просьбу Камітэта адкласці расстрэл.

У рашэнні Камітэта падкрэсліваецца, што дзяржава-ўдзельніца парушыла некалькі асноўных правоў, прадугледжаных Пактам.

У прыватнасці, Беларусь парушыла артыкул 3 (3) Пакта, паколькі рашэнне аб ўзяцці пад варту не было неадкладна разгледжанае судом. Міхаленя быў затрыманы 5 сакавіка 2016 года і змешчаны ў следчы ізалятар 10 сакавіка, але пастанова аб гэтым рашэнні была разгледжаная судом толькі праз адзінаццаць месяцаў – 8 лютага 2017 года.

КПЧ просіць адкласці расстрэл Алексея Міхалені да разглядзу яго звароту

Як паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, зварот асуджанага быў зарэгістраваны Камітэтам пад №3105/2018.

 Камітэт лічыць, што прадстаўленыя яму факты дэманструюць, што было парушанае права Міхалені лічыцца невінаватым, якое гарантаванае артыкулам 14 (2) Пакта. Падчас судовых пасяджэнняў на яго надзелі кайданкі і трымалі ў клетцы. Ён таксама насіў спецыяльнае адзенне для асуджаных да смяротнага пакарання,  да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Далей Камітэт адзначае, што права абвінавачанага выклікаць і дапытваць сведкаў было парушана, паколькі некалькі экспертаў, якія давалі паказанні падчас следства, не выклікаліся і не дапытваліся ў судзе. Сярод іх эксперты, якія прадставілі ключавыя для абвінавачвання высновы, у тым ліку вынікі аналізаў ДНК, аўтапсіі і даследавання плямаў крыві.

Камітэт таксама прыйшоў да высновы, што, праігнараваўшы яго просьбу аб часовых захадах, дзяржава-ўдзельніца парушыла свае абавязацельствы паводле артыкула 1 Факультатыўнага пратакола.

Яшчэ 1 лютага 2018 года Камітэт прыняў рашэнне аб прымяненні часовых захадаў у адпаведнасці з правілам 94 Правілаў працэдуры і папрасіў дзяржаву-ўдзельніцу не выконваць смяротны прысуд Міхалені, пакуль ягоная справа разглядалася Камітэтам.

17 ліпеня 2018 г. Камітэт атрымаў інфармацыю аб тым, што Міхаленя быў расстраляны. 19 ліпеня Камітэт запатрабаваў у беларускіх ўладаў тэрміновых тлумачэнняў па гэтым пытанні, звярнуўшы ўвагу дзяржавы-ўдзельніцы на тое, што невыкананне часовых захадаў з'яўляецца парушэннем абавязацельстваў добрасумленна супрацоўнічаць з ААН у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам. Адказу на гэты запыт Камітэт не атрымаў па сённяшні дзень.

Камітэт нагадвае, што дзяржава-ўдзельніца абавязана прадаставіць аўтару скаргі належную кампенсацыю за парушэнні, ахвярай якіх стаў яго сын. Дзяржава-ўдзельніца таксама абавязана зрабіць усе неабходныя захады для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні.

- Гэта  чарговае рашэнне Камітэта па правах чалавека, у якім не проста адзначанна парушэнне шматлікіх правоў, але, што вельмі важна -  парушэнне Права на жыццё. Дадзенае рашэнне, засведчыла, што шматлікія працэсуальныя парушэнні пад час следства, ігнараванне міжнародных дамоўленасцей, расстрэл Міхалені да разгляду Зварота Камітэтам яшчэ раз даказваюць, што Беларусь не выконвала і не збіраецца выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі,  а тым больш абавязкі, звязаныя з правамі чалавека унутры краіны. – заявіў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

Андрэй Палуда перакананы, што беларускае грамадства і надалей будзе несці на сваіх плячах цяжар “забойства ад імя дзяржавы”, нягледзячы на памілаванне братоў Косцевых і  на пэўную, ўмоўна пазітыўную, рыторыку ўладаў, датычную перспектывы адмены смяротнага пакарання, якая была у першай палове гэтага году.

Патрэбна дадаць, што да вышэйпрыведзеных меркаванняў неўзабаве будзе прыкладзена асобнае меркаванне, падпісанае двума членамі Камітэта.

Першы ў гэтым годзе смяротны прысуд вынесены ў Беларусі Аляксею Міхаленю

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", ён быў абвінавачаны ў забойстве двух чалавек – брата і сястры, якія жылі разам у адным доме, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю (п.1, 6, 16 ч.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу).

Крыніца: КПЧ ААН пацвердзіў шматлікія парушэнні ў справе расстралянага Аляксея Міхалені