Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за панядзелак, 27 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Суд Чыгуначнага раёну Гомеля 24 верасня разгледзеў справу: «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» для палітзняволенай грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ.

Наталья Хершэ на судзе 7 снежня

Справу суддзя Мікалай Крупадзёраў разглядаў на выязным пасяджэнні ў папраўчай жаночай калоніі, дзе Наталля адбывае тэрмін.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў брат Наталлі Генадзь Касьян. У судзе яму сказалі, што «прадстаўленне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволена». У якую турму будуць пераводзіць, вырашыць адмiнiстрацыя.

Брат палітзняволенай за апошнія чатыры месяцы атрымаў толькі адзін ліст ад сястры, у якім тая напісала, што цікавіцца творамі Салжаніцына і спрабуе бавіць час з карысцю для цела і розуму.

За час зняволення Хершэ паспела ўжо пабываць у штрафным ізалятары (ШЫЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) за адмову шыць форму для сілавікоў.

Генпракуратура Беларусі 27 верасня паведаміла, што ў спіс экстрэмісцкіх каналаў патрапілі яшчэ і Telegram-чат “Рэальны Драгічын”, “Іванава Live”, а таксама канал “Міёры”.

Палітвязень з Берасця Цімур Рызапур, які адбывае пакаранне ў Наваполацку, быў пераведзены ў ШІЗА.

Як распавяла жонка палітвязня Алена Рызапур, да таго ж мужчыну пазбавілі пасылак, тэлефанаванняў, сустрэчаў і яму не аддалі абутак, які яна дасылала, паведаміла Беларускае Радыё Рацыя.

Інфармацыя будзе дапоўненая.

Крыніца: Палітвязням змяняюць умовы ўтрымання, шукаюць экстрэмізм у рэгіянальных чатах: хроніка пераследу 27 верасня