Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 24 і 25 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Масавыя ператрусы ў Бабруйску

У Бабруйску з самай раніцы 24 верасня прайшла хваля ператрусаў. Вядома, што ператрусы адбыліся ў каля дзесяці бабруйчанінаў. Праваабаронцам вядома пра ператрусы ў Юліі Загрышавай, Дзмітрыя Косціна, Яўгеніі Міронавай, Ксеніі Емяльяненка, Варычава Валянціна.

Дзмітрыя Косціна і Яўгенію Міронаву (маці траіх дзяцей), пасля ператрусу завезлі ў УУС Бабруйскага гарвыканкаму. Падчас ператрусу забралі ўсю кампутарную тэхніку. Пазней стала вядома, што затрымалі Андрэя Сініцу, Алену Стрыгунову, Вольгу Рослік, Наталлю Кед, Уладзіміра Кажэўнікава. Іх змясцілі ў ІЧУ.

Затрыманне ў Навагрудку

24 верасня ў Навагрудскім раёне ў вёсцы Вялікія Карнышы супрацоўнікі Дзятлаўскага РАУС затрымалі Таццяну Шыхар. Па папярэдняй інфармацыі, справа тычыцца пагрозы суддзі Лобан

Таццяну затрымалі дома пасля ператрусу, канфіскавалі планшэт. Акрамя яе, прыйшлі таксама і да мамы гэтай дзяўчыны, якая не мае ніякага дачынення. Жанчыну забралі з пахавання, прывезлі дадому, забралі тэлефон. Дома знаходзіўся ўнук дзевяці гадоў, сын яе другой дачкі, і ў яго таксама забралі тэлефон. Яшчэ спрабавалі забраць тэлефон нявесткі, але так змагла супрацьстаяць і свой тэлефон не аддала.

Вілейскі актывіст Андрэй Кудзік правядзе за кратамі месяц 

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook
Андрэй Кудзік. Фота з Facebook

Вілейскага актывіста Андрэя Кудзіка не выпусцілі на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту. На яго склалі новы пратакол і пакаралі яшчэ 30 стукамі арышту. Адбываць пакаранне яго перавялі ў ІЧУ Смалявіч. 

Вядома, што на актывіста аказвалі ціск за кратамі: не давалі матрасы, ноччу не давалі спаць, не перадавалі перадачы.

Задзіночанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ліквідавана сёння па рашэнні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Шэсць затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азоту» застаюцца пад вартай у СІЗА КДБ

azot27.jpeg
Сяргей Шэлест, Андрэй Пагярыла, Аляксей Сідар. Фота: svaboda.org

На 24 верасня вядома, піша "Свабода", пад вартай у СІЗА КДБ засталіся шэсць былых і дзейных супрацоўнікаў «Гродна Азоту»:

1. Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3»;2. Андрэй Пагерыла, былы сьлесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3»;3. Уладзімір Жураўка, былы апэратар ДПУ цэху «Аміяк-3»;4. Андрэй Башан, работнік цэху «Аміяк-3»;5. Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;6. Вадзім Яфіменка, супрацоўнік «Хімвалакна».

Крымінальны артыкул, які ім ставіцца ў віну, усё яшчэ невядомы. Таксама высвятляецца статус іншых затрыманых, звязаных з рабочым рухам.

Гродненаскага блогера Vadimati ўзялі пад варту

Вадзім Ермашук
Вадзім Ермашук

Блогера Vadimati Вадзіма Ермашука з Гродна ўзялі пад варту 24 верасня, паведаміў Hrodna.life з спасылкай на блізкіх Ермашука. Гэта адбылося за дзень да заканчэння 40 сутак ягонага адміністрацыйнага арышту.

Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня. Спачатку яго асудзілі за заклікі на спартовую імпрэзу, потым — за нецэнзурныя выказванні на адрас ЖКГ і гарвыканкаму.

16 верасня стала вядома, што на Вадзіма Ермашука завялі дзве крымінальныя справы: за абразу Лукашэнкі (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі), за абразу дзяржаўнага сцяга Беларусі (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу).

Яму пагражае да 4 гадоў калоніі.

Тэлеграм-канал «Кулуары KYKY», YouTube-канал і Instagram «ЧестнОК» прызналі экстрэмісцкімі

Такое рашэнне прыняў 24 верасня суд Цэнтральнага раёну Мінску. Падставай для гэтага сталі матэрыялы праверкі ГУБАЗіК. Паведамляецца, што там публікавалі матэрыялы, «накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, распальванне сацыяльнай і палітычнай варожасці, а таксама заклікі да масавых беспарадкаў». Сайт KYKY быў заблакаваны ў Беларусі летась увосень.

Таксама YouTube-канал «ЧестнОК» і яго Instagram-аканут прызналі экстрэмісцкімі. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Міністэрства інфармацыі. Раней была інфармацыя, што экстрэмісцкімі былі прызнаны тэлеграм-канал і чат «ЧестнОК». Праект «ЧестнОК» заснаваў спартовы журналіст Аляксандр Івулін, які знаходзіцца за кратамі і якога абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Жонка Валянціна Стэфановіча амаль не атрымлівае лістоў ад мужа

Аліна і Валянцін Стэфановіч з дзецьмі. Фота з асабістага архіва
Аліна і Валянцін Стэфановіч з дзецьмі. Фота з асабістага архіва

Прайшло ўжо больш за два месяцы з моманту затрымання Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. За гэты час жонка Валянціна атрымала ад мужа толькі чатыры лісты — апошні ўчора, але ён датаваны 23 жніўня.

«Такія рэчы выпадковымі не бываюць. Валянцін таксама перадаваў праз знаёмых, што ён атрымлівае вельмі мала лістоў, фактычна толькі ад сям’і. Мы не ведаем ці ўсе лісты ад сям’і, ад мяне, сястры, маці ён атрымлівае. Ад сяброў, калег фактычна не атрымлівае. То бок лісты не ходзяць у абодва бакі, гэта выпадковасцю быць не можа», паведаміла «Радыё Рацыя» Аліна Стэфановіч.

Паўторнымі «суткамі» пасля вызвалення з Акрэсціна пакаралі некалькі затрыманых 9 верасня на Маршы ў Кунцаўшчыне

Гэта 24-гадовы Уладзіслаў Кубіцкі, Аляксей і Таццяна Бусел. Пасля вызвалення іх сустрэлі каля ізалятара міліцыянты і запрасілі на «прафілактычную гутарку». Па дарозе ў РУУС яны нібыта «хуліганілі», за што іх пакаралі новымі суткамі.

Палітзняволеных сясцёр Міронцавых у гомельскай калоніі паставілі на ўлік  

Вікторыя і Анастасія Міронцавы
Вікторыя і Анастасія Міронцавы

Палітзняволеных сясцёр Вікторыю і Анастасію Міронцавых у гомельскай жаночай калоніі паставілі на прафілактычны ўлік як "схільных да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю", да гэтага яны стаялі на ўліку як "схільныя да экстрэмісцкай дзейнасці".

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Хроніка пераследу 24 і 25 верасня Дапоўнена