Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 2 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю. Напярэдадні гадавіны паслявыбарчых падзей міліцыя пачала хадзіць да тых, хто прыцягваўся да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і праводзіць прафілактычныя гутаркі.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Фонд спартыўнай салідарнасці паведаміў, што да бацькоў лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай выехалі сілавікі.

Крысціна Ціманоўская ўжо атрымала польскую гуманітарную візу ў польскай амбасадзе ў Японіі. Яе муж з’ехаў ва Украіну.

Гродна

Пракуратура Горадні падала ў суд пазоў пра ліквідацыю ТАА «Гродналайфмедыя», якое з'яўляецца ўласнікам медыя-рэсурса Hrodna.life. Праг эта піша БАЖ.

Працэс аб ліквідацыі пачнецца 11 жніўня ў Эканамічным судзе Гарадзенскай вобласці.

За апошні год рэдакцыя Hrodna.life зазнала арышты, ператрусы, а агулам рэдакцыя і журналісты атрымалі больш за $ 10 тысяч штрафаў.

Кватэру Вольгі Вялічка, якая кіравала гарадзенскім дзіцячым хоспісам, а пасля была вымушаная выехаць з Беларусі, узламаў Следчы камітэт. Пра гэта жанчына напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Тлумачыць прычыны такіх паводзінаў Вользе, якая накіравала ў некалькі ведамстваў электронны зварот, не сталі.

Нагадаем, раней Вольга Вялічка пісала пра тое, што на запыт уладаў Беларусі яе дадалі ў спісы Інтэрполу.

Гомель і Гомельская вобласць

Напярэданні гадавіны выбарчых падзей, міліцыя ў Гомеле абтэлефаноўвае і адшуквае грамадзян, якія прайшлі праз адміністрацыйнае пераслед у 2020 годзе, звязаны з мірнымі пратэстамі.

Спачатку міліцыянты тэлефануць людзям, каб даведацца адрас іх знаходжання, затым прыходзяць і праводзяць гутарку альбо патрабуюць падпісаць паперу з абавязацельствам няўдзелу ў меркаваных пратэстах. Часам, дзеянні фіксуюцца на відэа для справаздачы перад міліцэйскім начальствам. Гомельскаму навінаваму рэсурсу вядома пра некалькі падобных выпадках.

svetlagorsk_milicia.jpg
Міліцыя ў Светлагорску прыходзіць да грамадзянаў

Таксама дзейнічае і міліцыя ў Жлобіне і Светлагорск. Адзін з жыхароў Светлагорска паведамляе:

"Па Светлагорску ходзяць міліцыянты, да ўсіх. І праводзяць прафілактычныя гутаркі. І прапануюць падпісаць паперу аб адказнасці. Сёння прыходзілі як мінімум да чацвярых".

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Прэвентыўныя "прафілактычныя гутаркі". Хроніка палітычнага пераследу за 2 жніўня