Былы зняволены Максім, які адбываў пакаранне за махлярства ў папраўчай калоніі №3 «Віцьбе» і вызваліўся ў ліпені, распавёў праваабаронцам "Вясны" пра ўмовы ўтрымання палітвязняў, пра іх побыт і працу, а таксама стаўленне да іх з боку іншых зняволеных і адміністрацыі.  Таксама папраўчую калонію №3 ці "Віцьбу" называюць яшчэ "Тройкай". Максім распавёў, што «"Тройка" — гэта спецыфічная зона, і ў ёй адбывае пакаранне "спецкантынгент": былыя супрацоўнікі міліцыі, суддзі, чыноўнікі і карупцыянеры ўсіх масцяў і, вядома, замежнікі (рускія, украінцы, туркі, казахі, малдаване, індусы, кітайцы і г.д.)». Але пасля жнівеньскіх падзей, калі па ўсёй Беларусі сілавікі разганялі са зброяй і сілай мірныя акцыі пратэту, у "тройцы" апунуліся і палітвязні. Як адзначыў Максім, першыя «палітычныя» там з’явіліся вясной. Ён распавёў, што змянілася ў ПК №3 пасля з’яўлення палітвязняў:

kalonija_1.jpg
Ілюстрацыйнае фота

«Напрыклад, пасля выбараў і ўсіх падзеяў у калоніі стала забаронена падпісваць зняволенных са «свабоды» на выданні па каталогу «Белпошты». Цяпер падпіску можна аформіць толькі з асабовага рахунку праз напісанне заявы. Гэтую заяву разглядае асабіста намеснік начальніка калоніі, а затым праводзіць цэнзуру па асабістым меркаванні (дадзеная працэдура не прапісаная ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе).

Акрамя гэтага, у калоніі адключылі для прагляду канал «Еўраньюс», які паказвалі у спадарожнікавым вяшчанні (у калоніі дзве спадарожнікавыя талеркі «НТВ ПЛЮС» і «Трыкалор ТБ», аплачваюцца за кошт зняволеных)».

Палітвязняў пазбаўляюць працяглых спатканняў, званкоў і прымаюць лісты толькі ад сваякоў

«Палітыка адміністрацыі ўстановы простая — зрабіць акцэнт перад іншымі асуджанымі і паказаць, якімі быць не трэба, і як не трэба жыць і "рухацца" ў калоніі. Супрацоўнікі калоніі не даюць палітычным асуджаным званкі (астатнім дазволена тры разы на месяц), бо яны прадастаўляюцца для палітычных толькі супрацоўнікамі аператыўнага аддзела калоніі, астатнія асуджаныя тэлефануюць пад наглядам простых афіцэраў згодна з графікам званкоў зацверджаным начальнікам калоніі. Па шматлікіх скаргах ад палітычных асуджаных у месяц яны могуць патэлефанаваць не больш за адзін раз, але кожны раз яны чуюць адгаворкі: няма дзяжурнага аператыўніка, няма тэхнічнай магчымасці і т. п.

Негалоснае правіла для супрацоўнікаў — пазбавіць палітычных асуджаных працяглага спаткання для таго, каб тыя не змаглі сваякам распавесці пра сітуацыю з "палітычнымі" ў калоніі. Так здарылася з палітвязнем Аляксандрам Бабічам. Па пастанове начальніка калоніі за парушэнне Бабіч пазбаўлены працяглага спаткання са сваякамі. Пры гэтым парушэнні, за якія могуць караць пазбаўленнем званкоў і спатканняў, могуць быць розныя: не пагаліўся, не выйшаў на працу, адмовіўся ад прыбірання памяшкання, не павітаўся з супрацоўнікамі калоніі, трымаў рукі ў кішэнях, не зашпіліў верхні гузічак і яшчэ шмат розных прычын.

У калоніі працуе два цэнзары карэспандэнцыі. Ад начальніка калоніі было негалоснае распараджэнне: лісты «палітычныя» могуць атрымліваць толькі ад блізкіх сваякоў, якія запісаныя ў картку для пасылак, перадач і працяглых, кароткіх спатканняў (кожнага сваяка трэба пацвярджаць дакументальна, дазволеныя толькі ад маці, бацька, родных брата і сястры, мужа ці жонкі). Ад іншых людзей лісты вяртаюцца адпраўніку, а асуджаным нават не паведамляецца пра паступленне ў іх адрас такіх лістоў. З-за вялікага аб'ёму карэспандэнцыі выдача лістоў асуджаным ўсёй калоніі адбываецца на працягу дзесяці дзён з моманту паступлення ліста і цэнзуры».

*Падобныя паведамленні праваабаронцы атрымліваюць і з папраўчай калоніі №15, у якой таксама да палітычных зняволенных даходзяць лісты толькі ад сваякоў.

Камунікацыю з "палітычнымі" супрацоўнікі калоніі не ўхваляюць

Максім кажа, што акрамя маральнага ціску, з палітвязнямі ўсё добра. У "Тройцы", па словах мужчыны, у адрозненне ад наваполацкай ПК №1, ён нават ніколі не бачыў за два гады, каб кагосьці збівалі ці катавалі, нават ніколі не было размоваў пра гэта. Палітвязні, якія стаяць на прафуліках за экстрэмізм (носяць бірку жоўтага колеру), працэдуру паверкі праходзяць, акрамя двух "стандартных" разоў на дзень, — яшчэ тры дадатковых. Зняволеныя, якіх асудзілі не па палітычных артыкулах, пазбягаюць адносін з «палітычнымі», бо ў калоніі адзін на аднаго «даносіць», а адносіны з «пратэстоўцамі» супрацоўнікі калоніі не ўхваляюць.

Зняволеным плацяць па 10 рублёў у месяц, а пераводы дазволены толькі ад сваякоў 

«Раней асуджаным, ад якіх праз пазоў патрабуюць сплаціць кампенсацыю, можна было атрымліваць дзве базавыя за месяц, без пазову ў калоніі агульнага рэжыму — шэсць базавых, а на ўзмоцненым рэжыме — пяць. Цяпер можна атрымліваць грашовыя пераводы паводле паправак выключна ад сваякоў. Гэта згодна з нядаўнімі папраўкамі ў Крымінальна-выканаўчым Кодэксе.

У калоніі на прамысловай зоне зняволеныя атрымліваюць за адзін паддон — 4 капейкі (гэта ўжо з вылікам камуналкі і іншага, "чыстымі" на баланс), адзін выраб для ўборкі падлогі (махровая ануча для швабры) — 1 капейка за штуку. Гэта для ўсіх. На пякарні атрымліваюць 10-12 рублёў у месяц, у сталовай — каля 15 рублёў, але гэта ўсё гаспадарчы атрад». 

У калоніі Максім пазнаёміўся з чатырма палітычнымі зняволенымі.

Аляксандр Бабіч, асуджаны да трох з паловай гадоў зняволення, знаходзіцца ў дзевятым атрадзе і працаўладкаваны ў швейным цэху на поўны працоўны тыдзень. Ілля Туркоў, асуджаны да чатырох гадоў калоніі, знаходзіцца ў трэцім атрадзе. Анатоль Хіневіч, асуджаны да двух з паловай гадоў, знаходзіцца ў пятым-шостым атрадзе, працаўладкаваны ў швейным цэху на поўны працоўны тыдзень.

Віталь Пракапчук, асуджаны да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, знаходзіцца ў другім атрадзе, працаўладкаваны ў цэху разобркі металу. Віталь быў накіраваны ў ПК №3 у траўні. Як сцвярджае Максім, у калоніі мужчыну дазволілі весці перапіску з сынам Ягорам Пракапчуком, якога таксама пазбавілі волі на 4 гады ўзмоцненага рэжыма і накіравалі ў калонію №22 ("Воўчыя норы"). Падчас 14-дзённага каранціну, куды Віталя змясцілі пасля этапу ў калонію, яму  дазволілі патэлефанаваць жонцы і супакоіць яе, негледзячы на тое, што званкі ў гэты час забароненыя. Па словах Максіма, Віталь адчувае сябе добра, а да ліпеня яго нават не каралі за парушэнні (Максім бачыўся з ім літаральна два тыдні таму). Але Пракапчук ужо два месяцы знаходзяцца без працы. Цэх па разборцы металу, які пастаўляў метал у адну із краін Еўрасаюза, часова зачынены з-за санкцый супраць уладаў Беларусі. 

Крыніца: "Камунікацыю з "палітычнымі" не ўхваляюць". Былы зняволены распавёў пра ўмовы для палітвязняў у калоніі "Віцьба"