Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 20 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску на грамадзянаў.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск 

Затрыманне Стасі Губарэвіч
Затрыманне Стасі Губарэвіч

Сёння раніцай сілавікі прыйшлі з ператрусам на месца прапіскі лідара руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча. У выніку затрымалі яго былую жонку Стасю Губарэвіч.

"Раніцай быў ператрус па адрасе, дзе я прапісаны. Пяцёра невядомых звезлі з сабой Стасю Губарэвіч", — паведаміў палітык.

Як расказаў пазней Юрась Губарэвіч агенцтву БелаПАН, пры вобшуку прысутнічала адна зь яго дачок. З сабой невядомыя забралі скрынку з рэчамі. Сам палітык у дадзены момант на волі.Сілавікі ўжо прыходзілі па месцы прапіскі Юрася Губарэвіча 14 ліпеня. Аднак у той раз з'ехалі да таго, як прыехала дадому дачка.

Як паведамляе "Еўрарадыё", сілавікі праводзяць зачыстку вялікага мінскага дома па адрасе: праспект Дзяржынскага, 119. Яны грукаюцца ў кватэры да тых, хто раней быў затрыманы па "пратэставых" артыкулах. Як пішуць у мясцовым чаце, сілавікі праглядаюць тэлефоны і іншую тэхніку, аглядаюць рэчы. Паралельна ёсць інфармацыя пра такія ж "візіты" да жыхароў Уручча на іншым краі Мінска.

Следства адмовілася змяніць меру ўтрымання ў адносінах лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Паводле адваката палітыка, на якога спасылаецца «Наша ніва», падабаронны адчувае сябе кепска. Не так даўно яго перавялі ў турэмны шпіталь у СІЗА № 1 Мінску, бо ўзніклі праблемы з сэрцам.

Працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 6 жніўня палітзняволенаму 20-гадоваму грамадзяніну Расіі Ягору Дуднікаву. Ягонага адваката Антона Гашынскага днямі пазбавілі ліцэнзіі. 

Пінск

Пра суд над сабой рэдакцыя "Медыя-Палесся" даведалася за гадзіну да пачатку працэсу, піша "БАЖ". На электронную пошту сайта 16 ліпеня ў 13.19 прыйшло паведамленне аб тым, што ў судовым пасяджэнні суда Лунінецкага раёна адбудзецца слуханне паводле арт. 23.5 КаАП у дачыненні да ТАА "МП Компані". Яно прызначанае на 14 гадзін 30 хвілін гэтага дня. 

"Нам у чарговы раз абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб СМІ. А дакладней — частка 4 артыкула 23.5: "Распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ў сродках масавай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі...", — распавядае галоўная рэдактарка Святлана Гарда

Адміністрацыйны працэс быў пачаты з-за публікацыі на «Медыя-Палессе» аб удзельніках «пінскай справы».

Ці адбыўся працэс і было вынесена рашэнне ў рэдакцыі не ведаюць. Нагадаем, уся тэхніка з офіса і ў супрацоўнікаў "Медыя-Палесся": жорсткія дыскі, фотаапараты, ноўтбукі падчас ператрусаў былі канфіскаваныя.

Гомель

Як піша "Еўрарадыё", гомельскія мясцовыя ўлады вырашылі ліквідаваць юрасобу, якой належыць сайт "Сильные новости". Пра гэта паведаміў стваральнік праекту Пётр Кузняцоў.

"Организация действовала с 2013 года, там было два десятка только штатных рабочих мест, все налоги платились исправно (…), вся деятельность была исключительно уставной. Видимо, поэтому в постановлении исполкома конкретно не указано ни одного основания".

Адначасова падатковыя інспекцыя ладзяць адразу дзве праверкі ў дачыненні да арганізацыі. І на гэтым не ўсё: ён як фізасоба мусіць заплаціць дадатковы падатак у 40 тыс рублёў.

"Если коротко, по версии инспекции я должен заплатить эти налоги за те деньги, которыми сам пополнял свои же карточки – что ни при какой трактовке не является получением дохода, а является лишь, условно говоря, перекладыванием денег из одного кармана в другой".

Тым часам, як тлумачыць Кузняцоў, сайт медыя не працуе праз тэхнічныя пытанні: нехта сапсаваў коды. Цяпер праблему вырашаюць. Ён абяцае, што медыя працягне працу.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Затрыманні і ператрусы ў Беларусі 20 ліпеня Дапоўнена