Ілюстрацыйны здымак У Гомельскім абласным судзе 22 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Цярэшчанкі, якога абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Справу вядзе суддзя Анатоль Сотнікаў, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Аляксандр Мохараў.

Абвінавачваны быў затрыманы 24 сакавіка 2021 года і з таго часу знаходзіцца пад вартай.

Паводле абвінавачвання, Сяргей Цярэшчанка, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады і іншых сацыяльных груп, выказваючы адкрытыя праявы непрыязнасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, г. зн. дзейнічаючы па матывах іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, маючы працяглы злачынны намер, накіраваны на ўзбуджэнне ў нявызначанага шырокага кола асоб іншай сацыяльнай варожасці, і жадаючы гэтага - ў 23 гадзін 12 хвілін 24 верасня 2020 года знаходзячыся ў Жлобіне з дапамогай мабільнага тэлефона наўмысна і супрацьпраўна размясціў на сваёй персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" спасылку на відэаролік "Штучны інтэлект здымае маскі з АМАПа" са сваім каментаром:

"Хлопцы, вычысціце ўсе грошы з усіх рахункаў гэтых мр*зяў, аформіце на іх крэдыты, а грошы пералічыце ў дзіцячыя дамы, шматдзетным, малазабяспечаным, усім, хто жыве ў нястачы. Вось гэта будзе бомба!".

На думку дзяржабвінаваўцы, гэты каментар з'яўляўся выказваннем пабуджальнага характару, які заклікаў да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групай асоб – маладыя людзі, якія жывуць у Беларусі, у адносінах да іншай групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце "супрацоўнікі органаў аховы правапарадку", тым самым падштурхоўваючы да дыскрымінацыі па адносінах да апошніх, падрыву да іх даверу, знявагі іх гонару і годнасці, узмацненню нецярпімасці, фармуючы антыпатыю, агіду і нянавісць, выказаную ў непрыстойнай форме. Размешчаны відэаролік з каментаром прагледзела не менш за 101 карыстальніка. Таксама абвінавачаны працягнуў захоўваць і распаўсюджваць названы відэаролік з мэтай узбуджэння іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці.

Абвінавачаны прызнаў віну цалкам. Суду растлумачыў, што зарэгістраваны ў сацсетцы "ВКонтакте" больш за 10 гадоў, карыстаўся старонкай толькі ён, каля 200 чалавек было ў яго ў сябрах, абмежаванняў на прагляд старонкі не стаяла. На сваёй старонцы размяшчаў відэа пасля падзей жніўня 2020 года, якія тычыліся пратэстных акцый, перавышэнняў паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі і жорсткасці з іх боку, адлюстраваннем наступстваў для тых людзей, якія былі збітыя, а таксама відэа, дзе затрымлівалі непаўналетніх.

У каментарах абвінавачаны пісаў сваю ацэнку і асуджэнне ў дачыненні да тых сілавікоў, якія былі на відэа. Дапушчаў, што некаторыя асобы маглі мець дачыненне да прафесіі "міліцыянт", але не ведаў гэтага дакладна. 

На пытанне пракурора, з якой мэтай на сваёй асабістай старонцы Сяргей Цярэшчанка размяшчаў відэа, ён адказаў:

"Гэта было ўсяго толькі маё меркаванне і асуджэнне менавіта тых дзеянняў, якія былі паказаныя на відэа".

Абвінаваўца: Для чаго вы выказвалі сваё меркаванне?

Цярэшчанка: Нават не ведаю, ніякай мэты не пераследаваў. Проста хацеў выказаць сваё меркаванне сваім каментаром усяго ўбачанага, бо быў эмацыйна не згодны з тымі дзеяннямі, якія былі з боку адных асоб у адносінах да іншых.

Абвінаваўца: Пра што быў ваш каментар? "Хлопцы, вычысціце грошы са ўсіх рахункаў гэтых мр*зяў…"

Цярэшчанка: Хутчэй за ўсё, як я разумею на дадзены момант, гэта як пакаранне... Я не ведаю, мной было прыдумана дзеянне, якое хутчэй за ўсё немагчыма выканаць.

Абвінаваўца: Да каго вы звярталіся?

Цярэшчанка: Магчыма, да стваральнікаў прыкладання [па распазнаванні асоб - заўв. рэд.]. Але дадзеныя дзеянні проста не выканальныя – вычысціць усе грошы...

Абвінавачаны сказаў, што ў той момант знаходзіўся ў эмацыйным усплёску, бо з такімі падзеямі сутыкнуўся ўпершыню за сваё жыццё, "як дзейнічаць, як выказваць сябе, якімі словамі і што пры гэтым рабіць" – ён не ведае. Мэты ніякай не пераследаваў, але паглядзеўшы відэа зразумеў, што не згодны з тым, што адбываецца - таму напісаў каментар. Ніякай варожасці да супрацоўнікаў міліцыі не адчуваў. 

На думку Сяргея Цярэшчанкі, іншыя карыстальнікі маглі ўбачыць нязгоду з тымі дзеяннямі, якія былі на відэа: грубыя, празмерна гвалтоўныя, ад якіх людзі пакутуюць і атрымліваюць калецтвы.

Відэаролік абвінавачаны хацеў выдаліць 24 сакавіка 2021 года пасля таго, як з ім звязаліся аператыўнікі, якія паведамілі, што на яго паступіў ананімны ліст, нібыта Цярэшчанка гандлюе наркотыкамі, пасля чаго запрасілі яго ў РУУС, каб узяць тлумачэнні. Абвінавачаны прыехаў у міліцыю праз 7-10 хвілін пасля званка, дзе супрацоўнікі спачатку спрабавалі прытрымлівацца той падставы, па якой выклікалі Сяргея, але досыць хутка перайшлі да сутнасці і патлумачылі сапраўдную прычыну – размяшчэнне відэароліка. Тады абвінавачаны аддаў свой тэлефон і пароль да яго, папрасіў даць яму магчымасць выдаліць інфармацыю са старонкі, але ў той момант яго тэлефон ужо спакавалі як рэчавы доказ па справе. У той жа дзень Сяргей Цярэшчанка прынёс прабачэнні перад міліцыянтамі, сказаў, што ён быў не ў праве даваць ацэнку дзеянням тых супрацоўнікаў, што былі на відэа. "Раскаянне" абвінавачанага запісалі на відэа. З аддзялення мужчына больш не выйшаў. 

Аляксандр Мохараў дапытваўся, ці прызнае віну абвінавачаны ў інкрымінаванай дзеі, ці сапраўды пераследваў тыя мэты, якія апісаны ў абвінавачванні. На гэта Сяргей Цярэшчанка сказаў, што прызнае віну ў здзяйсненні злачынства па арт. 130 Крымінальнага кодэкса, хоць у той момант не пераследваў ніякай мэты, з фармулёўкамі абвінавачвання сутыкнуўся толькі ў судзе, цяпер разумее, што тады не меў рацыю. Пракурор хадайнічаў аб абвяшчэнні паказанняў, якія абвінавачваны даваў у ходзе папярэдняга следства з-за істотных супярэчнасцяў.

Пасля ў судзе выступіў сведка, былі зачытаныя пісьмовыя матэрыялы справы, прагледжаныя відэаролікі, у тым ліку відэа, дзе Сяргей Цярэшчанка прыносіў прабачэнні міліцыянтам.

У судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзін раніцы 24 чэрвеня.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Крыніца: За рэпост відэа і каментар да яго Сяргею Цярэшчанку пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі