Зала Савета па правах чалавека. Фота: un.org 21 чэрвеня ў Жэневе распачалася 47-ая сесія Савета па правах чалавека ААН, якая працягнецца да 9 ліпеня.

Падчас гэтай сесіі будзе ўздымацца і пытанне Беларусі: запланаваны выступ Спецдакладчыка па пытанні аб палажэнні ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, дзе яна прадставіць свой даклад, адбудзецца інтарактыўны дыялог, а таксама будзе прынятая рэзалюцыя па Беларусі і вырашана пытанне пра працягненне мандату Спецдакладчыка.

Спецдакладчык ААН: "Сітуацыя працягвае пагаршацца ў атмасферы страху, беспакаранасці і непрыцягнення да адказнасці вінаватых"

На сайце ААН апублікаваны даклад Спецдакладчыка па пытанні аб палажэнні ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, які будзе прадстаўлены на 47 сесіі Савета па правах чалавека.

Напярэдадні 47-ай сесіі, 35 міжнародных і беларускіх праваабрончых арганізацый накіравалі сумесны ліст прадстаўнікам дзяржаваў-удзельніц з заклікам падтрымаць падаўжэнне мандату Спецдакладчыка па Беларусі.

“У сувязі з далейшым паглыбленнем крызіса з правамі чалавека ў Беларусі, калі пераслед іншадумцаў набыў масавы характар, у турмах знаходзяцца сотні палітвязняў, а органы МУС працягваюць катаванні і іншыя бесчалавечныя віды абыходжання, - мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека набывае надзвычай важны характар.

Таму мы спадзяемся, што на 47 сесіі Савета па правах чалавека ААН гэты мандат будзе працягнуты”, - адзначыў намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Падчас адкрыцця сесіі Вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачалет заявіла, што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца, што суправаджаецца жорсткімі абмежаваннямі грамадзянскай прасторы, уключаючы правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый; рэйдамі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі; і судовым пераследам праваабаронцаў і журналістаў.

“Мы па-ранейшаму атрымліваем шматлікія паведамленні аб адвольных арыштах і затрыманнях, катаваннях і жорсткім абыходжанні.  У цяперашні час мы вывучаем сітуацыю ў Беларусі ў адпаведнасці з рэзалюцыяй 46/20. Я шкадую, што, са свайго боку, урад вырашыў спыніць прысутнасць нашага старэйшага дарадцы па правах чалавека ў Мінску, пасаду, якая забяспечыла важную кропку ўзаемадзеяння і акно для супрацоўніцтва”, - адзначыла Мішэль Бачалет.

Мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ў сувязі з хваляй масавых арыштаў і рэпрэсіўнымі дзеяннямі, распачатымі праваахоўнымі органамі ў адказ на падзеі, якія адбыліся ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Спецыяльны дакладчык прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 года.

У 2018 годзе на пасаду Спецдакладчыка была абраная Анаіс Марэн. Да гэтага на працягу трох двухгадовых тэрмінаў пасаду займаў Міклаш Харасці

Афіцыйны Мінск мандат Спецдакладчыка не прызнае і заклікае Савет ААН па правах чалавека скасаваць яго, паказваючы на ​​яго "несправядлівы і палітызаваны характар". Аднак СПЧ ААН кожны год падаўжае мандат Спецдакладчыка па Беларусі.

Крыніца: Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікалі Савет па правах чалавека падтрымаць працягненне мандата Спецдакладчыка па Беларусі