У судзе Першамайскага раёна Віцебска 22 чэрвеня за абразу камандзіра АМАПа Мінска Дзмітрыя Балабы па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса да 1,5 года "хіміі" асудзілі 36-гадовага Вадзіма Ермаловіча. Мужчына знаходзіўся пад вартай з 14 красавіка ў віцебскім СІЗА-2 пасля затрымання на літоўскай мяжы. Справу разглядала суддзя Наталля Карабліна, абвінавачванне падтрымліваў пракурор Філімонаў. Пацярпелы Балаба на суд не з'явіўся, следчых дзеянняў з ім не вялося. Але ён дыстанцыйна заявіў патрабаванне аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, якія бацькі абвінавачанага выплацілі падчас суда. На першы суд Вадзіма Ермаловіча заводзілі ў залу ў так званай позе "белы лебедзь": тулава сагнута, рукі ў кайданках ззаду і ўверсе. Пасля двух месяцаў пад вартай мужчыну вызвалілі ў залі суда. "Вясна" распавядае пра суд над віцяблянінам. Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў каментар ў Telegram. Крымінальную справу на Ермаловіча завялі ў яго Дзень народзінаў – 13 красавіка. Абразлівы каментар, згодна з пастановай аб распачынанні крымінальнай справы, Вадзім Ермаловіч размясціў "рэалізуючы намер на абразу прадстаўніка ўлады-камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкама палкоўніка міліцыі Балабы, з мэтай прынізіць яго гонар і годнасць у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, кіруючыся нізкімі намерамі, якія выказаліся ў жаданні паказаць Балабу ва зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, з выкарыстаннем неўстаноўленай прылады з доступам у інтэрнэт". Як сцвярджаецца, паведамленне ў чаце было размешчана 24 снежня 2020 года.

ermalovich.jpg
Вадзім Ермаловіч. Фота: "Белсат"

Крымінальная справа на Дзень народзінаў

Затрыманне на мяжы

20 сакавіка 2021 года Вадзіма Ермаловіча ўзялі пад варту, а ў яго доме зладзілі ператрус: канфіскавалі кампутар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама грошы. Аднак праз 72 гадзіны па затрыманні (23 сакавіка) мужчыну вызвалілі з ізалятара пад падпіску аб нявыездзе. 14 красавіка Вадзім Ермаловіч быў зноў затрыманы непадалёк ад мяжы Беларусі з Літоўскай Рэспублікай – 7 кіламетраў ад мяжы ў Шчучынскім раёне.

"Яго затрымалі на мяжы з Літвой. Мяжу ён не перасякаў. Месца нам не агучылі", – распавяла маці затрыманага Таццяна.

Пасля гэтага Ермаловіча адправілі ў СІЗА-2, дзе яго паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмізму".

1000 рублёў каштуюць маральныя пакуты Балабы

Як стала вядома іх матэрыялаў справы, з Балабай не было ніякіх следчых дзеянняў, вочных ставак, кантакту пацярпелага ў абвінавачанага няма, у сувязі з гэтым прабачэнні прынесці не мог. Пацярпелы камандзір не прыйшоў на суд, але заявіў патрабаванне аб пакрыцці маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў. Бацькі Вадзіма Ермаловіча да пачатку судовых спрэчак аплацілі пазоўныя патрабаванні Дзмітрыя Балабы.

Пракурор: Падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле

Як піша "Віцебская Вясна", падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца Філімонаў папрасіў суд «Ермаловіча Вадзіма прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў». Меру стрымання да набыцця прысудам законнай моцы пракурор папрасіў замяніць з заключэння пад варту на падпіску аб ня выездзе.

«Грамадская небяспека публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў уяўляе павышаную небяспеку, паколькі такія дзеянні здольныя парушыць нармальнае функцыянаванне апарату ўлады. У выніку падобных дзеянняў падрываецца аўтарытэт таго органа ўлады, які прадстаўляе пацярпелы. Таксама падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле. Зніжэння аўтарытэту ўлады ў свядомасці грамадзян негатыўна адбіваецца на функцыянаванні дзяржаўнага апарату», – патлумачыў пракурор.

Адвакатка: Ён не хаваўся ад следства

Адвакатка Вадзіма Ермаловіча звярнула ўвагу суддзі на змякчальныя акалічнасці: кампенсаванне маральнай шкоды, поўнае прызнанне віны яе падабаронным, а таксама на тое, што той атрымаў станоўчую характарыстыку з працы. Заўважыла, што Ермаловіч быў затрыманы каля літоўскай мяжы неўзабаве пасля завядзення крымінальнай справы, але пры гэтым ён не ведаў, што ў дачыненні да яго была вынесеная пастанова. Акурат таму ягоную паездку нельга трактаваць як спробу схавацца ад следства.

Адвакатка прасіла суд абмежавацца пакараннем у выглядзе арышту на тэрмін, які яе падабаронны ўжо адбыў. Вадзім Ермаловіч знаходзіцца ў СІЗА ад 14 красавіка 2021 году.

Абвінавачаны: Я і так законапаслухмяны

Ад апошняга слова Вадзім Ермаловіч адмовіўся. Сказаў, што яму няма чаго дадаць.

«Жыццё як свае будаваць збіраецеся?» – спытала суддзя Наталля Карабліна.

«Працаваць буду», – адказаў падсудны.

«Да жніўня 2020 году яно ў мяне даволі стабільнае было. Так і буду працягваць», – дадаў. На пытанне суддзі, ці збіраецца быць законапаслухмяным грамадзянінам, Вадзім Ермаловіч адказаў: «Я і да гэтага сябе законапаслухмяна паводзіў».

Прысуд

Вадзім Ермаловіч. Фота:
Вадзім Ермаловіч. Фота: "Белсат"

У выніку, суддзя Наталля Карабліна пакарала Вадзіма Ермаловіча абмежаваннем волі з накіраваннем ва ўстанову выпраўленчага тыпу на 1 год і 6 месяцаў. Менавіта такое пакаранне прасіў Філімонаў. Мужчыну вызвалілі ў залі суда.

Абразы Лукашэнкі, здзек з дзяржаўных сімвалаў і паўторны суд над палітвязнем. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах на гэтым тыдні

Вясна” распавядае, каго і за што на гэтым тыдні судзілі ў Беларусі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Крыніца: 1,5 гады "хіміі", затрыманне на мяжы, два месяцы ў СІЗА, прафулік: што перажыў віцяблянін за абразу Балабы