Праваабаронца Алесь Бяляцкі. Фота: Сяргей Грыц Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі дзевятага красавіка быў выкліканы на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў якасці сведкі па крымінальнай справе.

Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Следчая СК Конанава прызначыла допыт паўторна, на 10 гадзін раніцы пасля таго як праваабаронца 7 красавіка заявіў патрабаванне, згодна з арт. 21 Кодэксу пра вядзенне допыту і пратаколу па-беларуску. 

Допыт працягваўся болей за чатыры гадзіны. Усе працэсуальныя дакументы - пратакол, правы сведкі, пытаннні падчас допыту і нават падпіска аб неразгалошванні былі прадстаўленыя Алесю па-беларуску.

Пасля допыту  Алесь Бяляцкі заявіў:

"На жаль, беларуская мова допыту ня можа выправіць найвялікшай несправядлівасці - узбуджэнне крымінальнай справы супраць сяброў Праваабарончага цэнтру "Вясна" і правядзенне дзясяткаў вобшукаў і допытаў па гэтай справе. Мае сябры, праваабаронцы ўжо месяцы як незаконна ўтрымліваюцца ў турме. А сама крымінальная справа мае яўны палітычны падтэкст".

Крыніца: Алесь Бяляцкі пасля допыту: Крымінальная справа мае яўны палітычны падтэкст