23.05.2023 Тэгі: пераслед, умовы ўтрымання, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У  Маскве затрыманая сямейная пара з Беларусі, якія запусцілі ў неба сцяг супраць вайны з Украінай

У Маскве 22 траўня затрымалі сямейную пару з Гомеля, якая запусціла шары са сцягам легіёну “Свабода Расеі". Як піша zerkalo.io, гэта грамадзянін Беларусі з жонкай.

Выданне паведамляе, што грамадзянін Беларусі з жонкай «прыехалі да сажалкі ў Паўночным Чартананава на Camry, дасталі з багажніка шары, муж іх запусціў, а жонка здымала на тэлефон. Пасля гэтага пара хутка знікла з месца".

Зараз з мужам і жонкай Дзмітрыем і Юляй працуюць сілавікі.

На Берасцейшчыне ўзялі пад варту навучэнцаў аграрнага каледжа

У Высокаўскім аграрным каледжы на Берасцейшчыне былі паказальна заключаныя пад варту двое навучэнцаў, падазраваных у знявазе дзяржаўных сімвалаў Беларусі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Санкцыю на затрыманне зачытаў пракурор Камянецкага раёна ў прысутнасці навучэнцаў.

Як паведаміла Генракуратура, у ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ўстаноўлена, што 18-гадовы жыхар аграгарадка Войская Камянецкага раёна разам з 19-гадовым жыхаром  Жабінкі, у начны час з 14 на 15 мая 2023 года, сарвалі тры дзяржаўныя сцягі, устаноўленых на фасадах установы адукацыі, гандлёвага аб'екта і аддзяленні паштовай сувязі ў Войская. Паведамляецца, што маладзёны былі нібыта ў стане алкагольнага ап’янення. Узбуджаная крымінальная справа.

Палітзняволены Уладзімір Гундар аглух у карцары

Як стала вядома «Вясне», Уладзімір Гундар стаў дрэнна чуць у апошні дзень 7-дзённага знаходжання ў карцары. Пасля выхаду адтуль, яго стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова.

Выкліканы лекар даў яму цытрамон і ібупрафен, абяцаў выклікаць лора. Аднак дагэтуль невядома, ці наведаў палітвязня спецыяліст.

Уладзімір Гундар падчас суда па

Пакаранне карцарам Гундару было вынесена яшчэ ў першы дзень красавіка за не так пакладзеную на шконку падушку. Але на працягу месяца яго туды не адпраўлялі з-за адсутнасці вольнага месца.

Нагадаем, палітзняволены Уладзімір Гундар асуджаны агулам на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па 4 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Разгляд апеляцыйнай скаргі па апошнім прысудзе адбудзецца 6 чэрвеня.

У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Гэта «Fundacja «Reka Wielkej Pomocy» і «Кадровый резерв для Новой Беларуси».

Яны ўнесеныя ў адпаведны спіс на падставе рашэнняў КДБ.

Адваката Максіма Знака будуць утрымліваць у ПКТ да верасня

Раней паведамлялася, што палітвязень Максім Знак з лютага два месяцы амаль не выходзіў са штрафнога ізалятару. Пры гэтым у снежні Максіма адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), дзе вязні маюць права атаварвацца у месяц толькі на 32 рублі, атрымваць адну бандэроль на паўгода і выходзіць на шпацыр на 30 хвілін. Адзначым, што тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.

Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Знака будуць утрымліваць у ПКТ ажно да верасня.

Максім Знак у судзе

Нагадаем, палітзняволеных Максіма Знака і Марыю Калеснікаву абвінавачвалі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. 6 верасня суддзя Сяргей Епіхаў асудзіў Знака да 10 гадоў калоніі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрыманні беларусаў у Маскве, ціск па палітвязняў: хроніка пераследу 23 траўня