30.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, скаргі Таццяна Курыліна Больш за тры месяцы Гомельскі абласны суд разглядаў у закрытым рэжыме крымінальную справу 49-гадовай адміністратаркі пратэсных чатаў Таццяны Курылінай.

Судовы працэс пачаўся 28 снежня і і завяршыўся толькі сёння. Таццяну абвінавацілі па дзесяці крымінальных артыкулах. 

Па матэрыялах следства, Таццяна Курыліна з 20 жніўня 2020 года па 20 лютага 2022 года праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў улады і сілавых структур. Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і суддзі, неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі аб іх прыватным жыцці, чым прычыніла істотную шкоду іх правам і законным інтарэсам.

Па інфармацыі «Байпол», Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.

 Суд прызнаў жанчыку вінаватай і асудзіў на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апрача таго, жанчыне прыйдзецца сплаціць штраф у памеры 100 б. в. і вялікія кампенсацыі маральнай шкоды "моцна пакрыўджаным і пацярпелым асобам"

Крыніца: У Гомелі вынесены прысуд адміністратарцы пратэсных чатаў Таццяны Курылінай