27.03.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-27 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску сілавікі 25 сакавіка патрулявалі праспект Незалежнасці

Па інфармацыі СМІ, у Мінску ўздоўж цэнтральнага праспекта кожныя пяць хвілін праязджаюць бусікі з АМАПам. Такія метады сілавікі выкарыстоўваюць штогадава на Дзень Волі з мэтай не дапусціць збору грамадзян на свята.

Жыхар Бабруйска Андрэй Сініца не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Нагадаем, Андрэя затрымалі раніцай 10 сакавіка пасля ператрусу. 5 дзён яго ўтрымлівалі ў ІЧУ і толькі 15 сакавіка над ім адбыўся суд. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. Суддзя Алена Гормаш прызнала Андрэя вінаватым і арыштавала на 15 сутак.

Стала вядома, што на волю Андрэй так і не выйшаў — ён затрыманы на 10 сутак паводле арт. 108 КПК (Затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства).

Пасля 15 сутак арышту на волю не выйшаў жыхар Гродна Павел Якубель

Мужчына быў затрыманы 10 сакавіка. На «пакаяльным відэа» ён казаў, што затрыманы за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і за тое, што знаходзіцца ў пратэсных чатах у Facebook і Telegram. Пазней з'явілася інфармацыя, што мужчына арыштаваны на 15 сутак.

На відэа Павел таксама расказаў, што яго пляменніца — актывістка Карына Маліноўская. Дзяўчына распавядала, што пасля збіцця сілавікамі ў 2020-ым годзе страціла дзіця. Пазней яна з'ехала за мяжу. Сілавікі пішуць, што там яна «праходзіла падрыхтоўку ў BYPOL». У лютым затрымалі цётку Карыны — Ірыну Савашынскую.

У Бабруйску пасля ператрусу была затрыманая грамадская актывістка Галіна Смірнова 

Галіна Смірнова. Фота: babruysk.by

Бабруйчанку 24 сакавіка змясцілі ў ІЧУ паводле артыкула 108 КПК. У чым менавіта падазраюць Смірнову — пакуль невядома. Як паведамляў тэлеграм канал @bobruisk_online, учора ў Бабруйску больш за дзясятак чалавек забіралі на допыты ў мясцовы УУС пасля чаго адпускалі.

Мужа палітзняволенай Крысціны Чаранковай арыштавалі на 15 сутак

Фёдара Чаранкова затрымалі 22 сакавіка пасля ператрусу. Сілавікі выламалі дзверы ў кватэру і разграмілі яе. Цяпер стала вядома, што яго арыштавалі на 15 сутак. Калі адбыўся суд і паводле якога артыкулу — пакуль невядома.

Нагадаем, Крысціне прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі за допісы ў Instagram пра міліцыянтаў — дзяўчыну абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК). На судзе Чаранкова патлумачыла, што ў жніўні 2020 году міліцыя затрымала бацькоў яе мужа, іх білі. Таму яна пачала нэгатыўна ставіцца да сілавікоў.

Ніна Багінская была затрыманая ў Дзень Волі — яе выпусцілі толькі ўвечары

Ніна Багінская. Фота: spring96.org
Ніна Багінская. Фота: spring96.org

Раніцай 25 сакавіка затрымлівалі Ніну Багінскую. А 12:30 сілавікі прыйшлі за ёй дадому і без усялякіх тлумачэнняў прывезлі ў РУУС Першамайскага раёна.Спадарыню Ніну пратрымалі ў міліцыі да позняга вечара — яе адпусцілі з пастарунку толькі бліжэй да 21-й гадзіны.

Мінімум 166 асуджаных перад Днём Волі — і гэта толькі ў рэгіёнах

Цягам апошніх тыдняў сілавікі амаль штодзённа ладзілі масавыя затрыманні і ператрусы ў розных рэгіёнах краіны. Пасля гэтага на некаторых затрыманых складалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

З 15 сакавіка было асуджана не менш за 166 беларусаў паводле палітычных артыкулаў — гэта без уліку Мінска. Так, рэйды сілавікоў адбываліся ў Пінску, Мёрах, Оршы, Сянно, Глыбокім, Мазыры, Брэсце, Івацэвічах, Лепелі, Полацку, Наваполацку, Гомелі і іншых гарадах.

Стала вядома, што інкрымінуюць навукоўцу Юрыю Адамаву

Нагадаем, пра затрыманне Юрыя напачатку сакавіка паведамілі ягоныя калегі. Пазней стала вядома, што Адамава змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Па інфармацыі праваабаронцаў, Юрыю інкрымінуюць арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) за данаты.

Юрый — удзельнік беларускай супольнасці за свабоднае праграмнае забеспячэнне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыдата «Pamylka».

Падтрымайце Адамава: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Юрый Уладзіміравіч Адамаў

Галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" перавялі ў Жодзіна

Нагадаем, як раней стала вядома "БАЖ", супраць заснавальніка і галоўнага рэдактара "Рэгіянальнай газеты" Аляксандра Манцэвіча завялі крымінальную справу. У чым вінавацяць рэдактара, невядома — з адваката была ўзятая падпіска аб неразгалошванні.

Падтрымаць Аляксандра лістамі, пасылкай ці грашовым пераводам: Следчая турма № 8, 222163, Жодзіна, вул. Савецкая 22А, Манцэвіч Аляксандр Барысаві

Крыніца: Затрыманні і іншыя факты пераследу 25-27 сакавіка Дапоўнена