02.12.2022 Тэгі: палітвязьні, заявы Прадстаўнікі Еўрапейскага парламента выступілі 30 лістапада з сумеснай заявай, у якой выказваюць занепакоенасць рэзкім пагаршэннем здароўя беларускай палітзняволенай Марыі Калеснікавай.

 "Мы надзвычай устрывожаныя нядаўнімі паведамленнямі аб рэзкім пагаршэнні здароўя Марыі Калеснікавай. Марыя Калеснікава – лаўрэатка Сахараўскай прэміі і ключавая фігура дэмакратычнага руху падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі, якая запрацівілася спробе нелегітымных уладаў выправадзіць яе з краіны. У адплату за гэта ў верасні 2021 года па сфабрыкаваным абвінавачванні ў "нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы" яе прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі," – паведамляецца ў дакуменце.

Кіраўнікі дэлегацый і камітэтаў Еўрапарламента пішуць аб тым, што "правёўшы шмат дзён у адзіночнай камеры гэтак званага ШІЗА гомельскай турмы, куды яе змясцілі нібыта за "непрыстойныя паводзіны", яна трапіла ў рэанімацыю і ў панядзелак перанесла аперацыю на страўніку. Марыі Калеснікавай неабходна прадаставіць неадкладны і бесперашкодны доступ да медыцынскай дапамогі. Поўную адказнасць за яе здароўе і жыццё нясе рэжым Лукашэнкі. Любое далейшае пагаршэнне яе здароўя ў выніку несправядлівага турэмнага зняволення і жорсткага абыходжання толькі ўмацаваць статус ізгоя ў дачыненні да нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі".

Яны заклікаюць беларускія ўлады пакласці канец нападкам на змагароў дэмакратыі і свабоды, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, у прыватнасці чатырох лаўрэатаў прэміі Сахарава, якія знаходзяцца ў цяперашні час у зняволенні: Алеся Бяляцкага, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага, — а таксама правесці сапраўдны канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці для выхаду з палітычнага крызісу.

"Лукашэнка і яго саўдзельнікі цалкам нясуць адказнасць за тую велізарную несправядлівасць, якая была дапушчана ў адносінах да народа Беларусі. Яны павінны памятаць, што прыйдзе дзень, калі яны самі паўстануць перад правасуддзем, – заяўлядюць еўрапарламентарыі.

Заяву падпісалі ў Брусэлі намеснік старшыні Еўрапарламента па супольнасці прэміі Сахарава Хэйдзі Хаўтал, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Юозас Олекас, старшыня падкамітэту Еўрапарламента па правах чалавека Марыі Арэна і пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус.

Крыніца: У Еўрапарламенце патрабуюць прадаставіць неадкладны і бесперашкодны доступ да медыцынскай дапамогі Марыі Калеснікавай