Наваполацкі гарадскі суд. У судзе Наваполацка 4 кастрычніка вынесены прысуд 40 -гадоваму мясцоваму жыхару Максіму Камкову, абвінавачанаму ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко, дзяржабвінаваўца - старшы памочнік пракурора г. Наваполацка Сяргей Шынкевіч.

Па матэрыялах абвінавачання, 28 лютага 2021 у сетцы "ВКонтакте" Максім Камкоў у публічнай групе “Полацк, Наваполацк…” размясціў публікацыю з фота пацярпелага супрацоўніка міліцыі Ляшко, яго асабістымі дадзенымі, тым самым публічна абразіў як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Дзеянні Камкова прычынілі Ляшко маральныя пакуты, якія ён ацаніў у 1 500 рублёў.

“Каментар, па заключэнні экспертызы “ негатыўна ацэньвае Ляшко і змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, які зневажае аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі камякоў здзейсніў абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў”

Камкоў выплаціў усю суму пацярпеламу, і грамадзянскі пазоў быў судом зняты.  

Суд пастанавіў прызнаць Максіма Камкова вінаватым і прысудзіў яму абмежаванне волі тэрмінам на 1 год і шэсць месяцаў з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).

Крыніца: Наваполацк: за абразу супрацоўніка міліцыі – паўтара гады "хіміі"