Юрый Станеўскі  У Гродзенскім абласным судзе 4 кастрычніка вынесены прысуд Юрыю Станеўскаму, якога КДБ ўнес у спісы асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Судовы працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.

Станеўскага абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • ч. 370 – здзек над дзяржаўнымі сімваламі;
  • ч. 2 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі; 
  • арт. 369 – знявага прадстаўніка ўлады;
  • ч. 1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
  • ч. 1 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.

38-гадовага Юрыя Станеўскага затрымалі напрыканцы снежня 2021 года і даставілі ў Мінск, у СІЗА КДБ. Потым перавялі ў турму № 1 Гродна.

Згодна з матэрыяламі справы Юрый Станеўскі з 15 ліпеня да 27 снежня 2021 года пад публікацыямі ў дэструктыўным Telegram-чаце размяшчаў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці ў дачыненні да вылучаных ім у паведамленнях сацыяльных груп, у тым ліку асоб іншай нацыянальнасці і іншага веравызнання.

Там жа ўтрымліваліся абразы ў адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых прадстаўнікоў улады і іх блізкіх, а таксама гучалі пагрозы ў дачыненні да службовых асоб, якія выконваюць свае службовыя абавязкі, уключаючы кіраўніка дзяржавы, і іх блізкіх.

У публікацыях былі паведамленні, звязаныя з здзекам над дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь і дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.

Судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага аблсуда па сукупнасці злачынстваў прызначыла Станеўскаму канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін сем гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1, 6 тыс. рублёў).

Крыніца: У Гародні вынесены суровы прысуд: сем год калоніі Юрыю Станеўскаму.