У Мінскім абласным судзе 6 кастрычніка агучылі прысуды па рэзананснай "справе БелаПАН". Сёння асудзілі адразу чатырох палітзняволеных: журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі, галоўнай рэдактарцы і дырэктарцы "БелаПАН" Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі, былому дырэктару агенцтва Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі. Акрамя таго, палітвязням прызначылі буйныя штрафы: з Аляксандрава — 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), са Злобінай – 800 базавых (25 600 рублёў), з Наважылава – 700 базавых (22 400 рублёў). Таксама ім забаронена займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў. Такія прысуды вынес суддзя Вячаслаў Тулейка. Суд цягнуўся ў закрытым рэжыме роўна чатыры месяцы. Суд па

Фінансаванне "пратэснай дзейнасці", здрада дзяржаве, нясплата падаткаў і стварэнне экстрэмісцкага фарміравання. У чым іх абвінавацілі?

Палітвязняў прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) — Аляксандраў, Злобіна;
  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) — Аляксандраў, Злобіна;
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем) — Аляксандраў, Наважылаў, Леўшына;
  • ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў і збораў) — Аляксандраў, Наважылаў.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ўтрымліваюцца за кратамі ўжо адзін год і амаль дзевяць месяцаў. Іх затрымалі разам 12 студзеня 2021 года. Праз некалькі дзён у афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, што  Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя “па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці”. Па ягоных словах, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсавання сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ. Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў с 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help.

30 чэрвеня мінулага году Аляксандраву і Злобінай выставілі новыя абвінавачанні — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Верагодна, падставай для гэтага стала супрацоўніцтва з фондам BY_help і яе прадстаўнікам у "дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі".

18 жніўня 2021 году ў межах крымінальнай справы былі затрыманыя Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына пасля ператрусу і допыту ў Следчым камітэце. Іх справу аб'ядналі з Аляксандравым і Злобінай. 27 жніўня Следчы камітэт заявіў, што распачаў крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленні ад выплаты падаткаў) ў адносінах да Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, "а таксама іншых асобаў". 

У выніку, па гэтым артыкуле абвінавачанне выставілі Андрэю Аляксандраву і Дзмітрыю Наважылаву. Іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў за люты 2015 года – красавік 2021 года. Шкоду ацанілі ў 449 тысяч рублёў. 

"Падчас аналізу фінансавай дзейнасці агенцтва ўстаноўлена, што не менш за 18 замежных арганізацый пачынаючы яшчэ з 2014 года ажыццяўлялі яго схаванае фінансаванне на суму не менш за 1 600 000 даляраў ЗША. Акрамя таго, у мінулым годзе замежнымі аб'яднаннямі выдзелены сотні тысяч даляраў на стварэнне YouTube-канала, які спецыялізуецца на ўмацаванні дэструктыўнага і экстрэмісцкага настрояў у краіне, а таксама дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, што следствам была своечасова выяўлена і спынена", — заяўлялі ў СК.

У лістападзе 2021 года КДБ прызнаў "БелаПАН" экстрэмісцкім фармаваннем. Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай выставілі новыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем. Ірына Злобіна — адзіная фігурантка справы, якая ніколі не працавала ў "БелаПАНе".

8 красавіка гэтага году Следчы камітэт заявіў, што па "справе БелаПАН" выяўленае фінансаванне "экстрэмісцкай дзейнасці" на агульную суму не менш як чатыры мільёны долараў ЗША. 

"Захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі ў 2020 годзе рэалізоўваўся шляхам аб'яднання прадстаўнікоў "пратэснага" руху ў мэтах фарміравання кіраванага натоўпу і радыкальнага настрою сярод грамадзян краіны. Для гэтага было наладжана ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі "праваабарончых" і іншых, у тым ліку замежных, арганізацый.

Сталічнымі следчымі сабраныя доказы аб датычнасці Аляксандрава і Злобінай да злачыннай дзейнасці замежнай арганізацыі "BY_help", накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі яе працы, выкананні індывідуальных задач па зборы, перамяшчэнні, захоўванні і размеркаванні грашовых сродкаў", — заяўлялі ў ведамстве.

Што вядома пра суд?

Суд па
Суд па "справе БелаПАН" 6 чэрвеня

Справа разглядаецца ў закрытым рэжыме Мінскім абласным судом у будынку Мінскага раённага суда. Але, негледзячы на гэта, на працэс патрапілі праўладныя журналісты і зрабілі фота і відэа палітвязняў. Палітзняволены Андрэй Аляксандраў напярэдадні працэсу па "справе БелаПАН" перадаў з няволі запіску, якую прасіў апублікаваць у дзень суда. Яе апублікаваў "Белсат":

"Я ведаю, што шмат хто з сяброў і калегаў збіраўся наведаць мяне ў судзе, але суд над намі будзе закрытым "в целях неразглашения охраняемой законом тайны".

Што гэта за таямніца, я пакуль не ведаю, вельмі ўжо яна ахоўваецца, а я прабыў у СІЗА пад следствам нават менш за 1,5 года, адкуль мне ведаць.

Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі, я не вызнаю сябе вінаватым у тым, што мне інкрымінуюць. На суд еду без залішніх ілюзій, затое з чыстым сумленнем, і нават з прыемным хваляваннем.

Нарэшце пабачу дарагіх мне людзей, шкада, вядома, што пабачу іх на лаве падсудных, але гэта цяпер папулярнае месца сустрэчы добрых людзей; а буду я на гэтым месцы побач з добрымі людзьмі, сяброўствам з якімі ганаруся".

Падтрымайце палітзняволеных пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 (Ірына Алегаўна Леўшына, Андрэй Валер'евіч Аляксандраў, Ірына Віктараўна Злобіна, Дзмітрый Уладзіміравіч Наважылаў)

Крыніца: Да 14 гадоў калоніі: агучаны прысуды па "справе БелаПАН"