На Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве — найбуйнейшай у Еўропе канферэнцыі па правах чалавека і дэмакратыі — абмеркавалі сітуацыю з беларускімі палітзняволенымі. На пленарным пасяджэнні "Вязні Пуціна і Лукашэнкі: Палітычныя зняволеныя ў Расіі, Беларусі і АБСЕ" выступіла, сярод іншых, дачка палітзняволенага філосафа Уладзіміра Мацкевіча і прадстаўніца Цэнтра беларускай салідарнасці Надзея Лучанок. Дачка палітзняволенага распавяла, што сёння ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі.

Надзея Лучанок на Канферэнцыі
Надзея Лучанок на Канферэнцыі

"Самае страшнае, што можа адбыцца ў сітуацыі з палітвязнямі, — гэта забыць пра іх"

"Блогеры, бізнэсоўцы, удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі і мірныя дэманстранты апынуліся за кратамі толькі таму, што не пабаяліся скарыстацца сваімі правамі: правам удзельнічаць у мірных сходах, выказваць сваё меркаванне і займацца палітычнай дзейнасцю. Рэпрэсіі зазнаюць усе слаі насельніцтва: ад актыўных пратэстоўцаў да тых, хто проста каментуе і лайкае допісы ў сацсетках", — адзначыла Надзея.

Ва ўсім свеце налічваецца больш за адзін мільён палітычных зняволеных. На адну Беларусь з насельніцтвам у 9,5 мільёна чалавек выпадае больш як 1300 палітвязняў. Кангрэсмен Стыў Коэн, нядаўна прызначаны Спецыяльным прадстаўніком Парламенцкай Асамблеі АБСЕ па палітычных зняволеных і сустаршыня Хельсінкскай камісіі ЗША, падкрэсліў, што "самае страшнае, што можа адбыцца ў сітуацыі з палітвязнямі, — гэта забыць пра іх".

"Насамрэч Мацкевіча пакаралі за іншадумства, за "думказлачынства" ў духу Оруэла"

Дырэктар еўрапейскіх і еўразійскіх праграм міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House Марк Берэндт таксама адзначыў, што вялікай праблемай з'яўляецца менавіта маўчанне, праз якое забываюць пра палітвязняў. Пра пераслед расійскага палітзняволенага палітыка і ўдзельніка Антываеннага камітэта Расіі Уладзіміра Кара-Мурзы, а таксама іншых вязняў гэтай краіны, на Канферэнцыі распавяла ягоная жонка Яўгенія. Надзея Лучанок падзялілася гісторыяй пераследу свайго палітзняволенага бацькі:

"Асоба Уладзіміра Мацкевіча — сімвал сучаснай інтэлектуальнай і незалежнай Беларусі. Яшчэ ў 1990-я гады ён пачаў "думаць Беларусь" як самадастатковую квітнеючую дзяржаву, зрабіўшыся ў апошнія гады адным з самых непахісных абаронцаў суверэнітэту краіны. Ён адным з першых звярнуў увагу грамадскасці на рызыку страты незалежнасці. У 2019 годзе ім была ініцыявана грамадская кампанія "Свежы вецер" супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі з Расійскай Федэрацыяй. Мацкевіч лічыў паглынанне Беларусі Расіяй і занясенне зменаў у Канстытуцыю дзвюма галоўнымі небяспекамі для Беларусі ў наступныя 10 гадоў. Філосаф неаднаразова накіроўваў адкрытыя лісты прэзідэнту Лукашэнку, міністрам Шуневічу і Макею. У 2020 і 2021 гадах штодня выступаў з крытыкай і прапановамі на адрас актыўных грамадзян і палітычных лідараў, прапануючы ўласны аналіз грамадска-палітычных тэм.

Яго арыштавалі 4 жніўня 2021 года і больш за паўгода трымалі ў турме без выстаўлення абвінавачванняў. У лютым 2022 года, патрабуючы, каб ягоную справу перадалі ў суд, ён абвясціў сухую галадоўку. У чэрвені 2022 года Мацкевіча асудзілі да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за "грубае парушэнне грамадскага парадку", "кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем" і "абразу Лукашэнкі" — але насамрэч яго пакаралі за іншадумства, за "думказлачынства" ў духу Оруэла.

У турме ён працягвае працаваць і пісаць. Ужо напісана дзве кнігі, але мы асцерагаемся, што ўлады могуць канфіскаваць гэтыя тэксты і яны будуць згублены для навакольнага свету". 

Пленарнае пасяджэнне
Пленарнае пасяджэнне "Вязні Пуціна і Лукашэнкі: Палітычныя зняволеныя ў Расіі, Беларусі і АБСЕ"

"У нас досыць волі і розуму, каб вызваліць вязняў сумлення"

"Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца жахлівай. Мы заклікаем урады асобных дзяржаў вызваліць палітвязняў", — заявіў на Канферэнцыі Марк Берэндт.

Надзея Лучанок, дачка палітзняволенага філосафа, таксама данесла на Канферэнцыі патрабаванне беларускага грамадства наконт вызвалення палітвязняў:

"Нельга разглядаць тэму палітычных зняволеных па-за палітычным дыскурсам. Палітвязні ў Беларусі — гэты адзіны супраціў, які застаўся. Можна лічыць іх ваеннапалоннымі.

Вядома, наша галоўная мэта — вызваленне ўсіх палітвязняў. Але цяпер важна знайсці рашэнні для шэрагу кароткатэрміновых і прамежкавых задач. Неабходны скаардынаваны вонкавы ціск на кіруючы рэжым, выразная пазіцыя і патрабаванні да ўладаў.

Людзей трэба выпускаць. Але рэжым не вызваліць усіх адразу. Працэс можа зацягнуцца, як гэта было ў 2011–2014 гадах. Вось чаму важна пачаць з вызвалення хаця б некаторай значнай колькасці палітычных зняволеных. Хай нават не ўсіх. Я выступаю тут ад імя сваякоў палітвязняў. У нас досыць волі і розуму, каб вызваліць вязняў сумлення — нам яшчэ будаваць новую Беларусь, будучую дэмакратыю".

*З 26 верасня па 7 кастрычніка ў Варшаве праходзіць штогадовая Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні. У ёй бяруць удзел дэлегацыі 57 краін АБСЕ, яе структур і партнёраў, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый, у тым ліку і беларусы.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ распавёў пра "барацьбу з экстрэмізмам" у Беларусі

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра "барацьбу з экстрэмізмам" і рэпрэсіі ў Беларусі, прывёў актуальную статыстыку і даў рэкамендацыі, у тым ліку, АБСЕ.

На фоне затрыманняў адвакатаў у Беларусі на Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі крызіс у беларускай адвакатуры

На сайд-івэнце "Беларусь: без права на абарону" выступілі, у тым ліку, былы адвакат Міхаіл Баднарчук, экспертка Хельсінскага фонду па правах чалавека ў Варшаве Вольга Саламатава, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

"Тыя, хто парушае правы чалавека, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці". Беларускія праваабаронцы ўдзельнічаюць ў Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні

У Варшаве з 26 верасня па 7 кастрычніка праходзіць штогадовая Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні — найбуйнейшая у Еўропе канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі. У ёй прымаюць удзел дэлегацыі 57 краін АБСЕ, яе структур і партнёраў, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый, у тым ліку, і беларускія праваабаронцы. 28 верасня на пленарным пасяджэнні абмеркавалі крызіс з правамі чалавекамі ў Беларусі.

Крыніца: Дачка Уладзіміра Мацкевіча на Канферэнцыі АБСЕ: "Палітвязні ў Беларусі — гэты адзіны супраціў, які застаўся"