У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі затрымалі ўладальніка бара «Білі Бонс» у Новай Баравой

Сілавікі затрымалі ўладальніка Менскага бара "Білі Бонс", паведамляе праўладны тэлеграм-канал»Зводкі ц...ра". Па якім артыкуле затрыманы ўладальнік бара, не ўдакладняецца.

На відэа затрыманы кажа аб тым, з жніўня 2020 года быў падпісаны на «экстрэмісцкія» телеграм-каналы і рабіў рэпосты з іх.

"Таксама на момант 20 года ў маім бары збіраліся апазіцыйна настроеныя грамадзяне», — кажа затрыманы.

Сілавікі праводзяць ператрус у офісе "Белагра" ў Мінску

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. У офіс прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, САХР і АМАП.

У "Белагра" працаваў Дзмітрый Семчанка — журналіст і былы кіраўнік «прэзідэнцкага пула», якога раней затрымаў ГУБАЗіК.

У Мінску затрыманы адвакат Дзмітрый Пігуль

Па інфармацыі праваабаронцаў, учора ў Мінску быў затрыманы адвакат Дзмітрый Пігуль. Яго затрымалі ўвечары ў сябе дома супрацоўнікі КДБ. Меркавана, Дзмітрыю інкрымінуецца арт. 407 КК (разгалошванне дадзеных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння). Па папярэдняй інфармацыі, мужчына зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Пігуль быў адвакатам на працэсе па справе «Буслы ляцяць», фігурантам якой учора вынеслі жорсткія прысуды. Акрамя гэтага, ён абараняў палітзняволеную Алену Маліноўскую, якая была асуджана разам з Анатолем Латушкам.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У Мінску працягваюцца затрыманні і ператрусы: хроніка пераследу 29 верасня