23 верасня на 51-ай сесіі Савета па правах чалавека ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог па прамежкавай абноўленай інфармацыі Вярхоўнага камісара аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Мерапрыемства было прадугледжанае рэзалюцыяй, прынятай Саветам 1 красавіка гэтага года.

Выконваючая абавязкі Вярхоўнага камісара прадставіла прамежкавыя вынікі, пасля чаго дзяржавы-удзельніцы і недзяржаўныя арганізацыі выступілі са сваімі прамовамі.

Так, шмат дэмакратычных краінаў звярталі ўвагу на тое, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў, палітычных і грамадскіх актывістаў. Праз два гады пасля фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года ціск на грамадзянаў краінаў не змяньшаецца, павялічваецца колькасць палітзняволеных, якіх сёння налічваецца больш за 1300 чалавек. Выступоўцы былі занепакоеныя тымі зменамі ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць пашырэнне прымяненне смяротнага пакарання супраць так званых "тэрарыстаў", а таксама запускам працэдуры дэнасацыі факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Улады Беларусі працягваюць пераследваць грамадзянаў, якія мужна выступаюць супраць вайны ва Украіне. Прамоўцы заклікалі беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і ціск на грамадзянаў, вызваліць усіх палітзняволеных, увесці мараторый на смяротнае пакаранне, спыніць саўдзел краіны ў вайне ва Украіне, супрацоўнічаць са спецыяльнымі працэдурамі ААН і дапусціць спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусь.

Прадстаўнікі некаторых іншых краінаў, такіх як Азейбарджан, Нікарагуа, Расія, Куба, Венесуэла, Сірыя, выказвалі меркаванне, што Савет ААН не павінен умешвацца ў суверэнныя справы Беларусі, выкарыстоўваць нібыта непрапарцыйны і палітызаваны падыход да разгляду пытання парушэння правоў у краіне.

Прадстаўнікі НДА у сваіх выступах асаблівую ўвагу надавалі зняволеным праваабаронцам "Вясны", шакуючым тэрмінам, якія былі вынесеныя ў гэтым месяцы для каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюку, а таксама павелічэнню тэрміну зняволення для журналісткі Кацярыны Андрэевай і зняволенню іншых прадстаўнікоў незалежных СМІ, адвакатаў і грамадскіх дзеячаў.

Так, прадстаўніца Right Livelihood Федара Бернар у сваім выступе падкрэсліла, што цягам апошніх двух гадоў улады сістэматычна затрымліваюць усіх, хто ажыццяўляе свае грамадзянскія правы, у тым ліку тых, хто ўдзельнічае ў антываенных пратэстах.

"Пасля арышту многія палітычныя зняволеныя ўтрымліваюцца ў папярэднім зняволенні на працягу доўгага часу. Гэта выпадак праваабаронцаў Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, асуджаных 6 верасня да 15 і 6 гадоў адпаведна паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, амаль праз два гады пасля іх арышту.

Гэтая тэндэнцыя тым больш трывожная, улічваючы наўмысна бесчалавечныя ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных, якія могуць быць прыроўненыя да катаванняў: ад перапоўненых камер да збіцця".

Асобна праваабаронца адзначыла палажэнне кіраўніка "Вясны" ў СІЗА-1:

"Алесь Бяляцкі, заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна", утрымліваецца ў "спецыяльным калідоры", паўпадвальным паверсе з дрэнным доступам святла, і яму строга абмежавалі магчымасць перапіскі. Жудасна, што ён правядзе свой 60-ы дзень нараджэння, які адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, у такіх умовах".

Прадстаўнікі НДА прасілі Савет ААН і надалей надаваць адпаведную ўвагу сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку з дапамогай экспертызы УВКПЧ, а ўлады Беларусі заклікалі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў, уключаючы праваабаронцаў "Вясны".  

Крыніца: У Савеце ААН адбыўся інтэрактыўны дыялог па Беларусі