Антон Сіманенкаў. У судзе Першамайскага раёна Мінска 9 жніўня асудзілі былога студэнта Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, палітзняволенага Антона Сіманенкава, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч.

Антон Сіманенкаў быў затрыманы 1 сакавіка 2022 года супрацоўнікамі ГУБАЗ наўпрост у навучальнай установе.  Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 на Валадарскага.

Суд мусіў распачацца яшчэ 29 ліпеня, аднак на працэсе высветлілася, што на момант удзелу ў акцыі пратэсту Антону было толькі 17 гадоў і суддзя Трусевіч узяў тайм-аут.

Падставай для абвінавачання стаў скрыншот з відэа, апублікаваным у адным з азербайджанскіх СМІ. На ім следчыя апазналі на акцыі 20 верасня 2020 года ў Мінску Антона, які стаяў у счэпцы ў першым шэрагу.

Суд палічыў Сіманенкава вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Але ў гэтай сумнай гісторыі ёсць працяг. І ён пазітыўны.

Пасля суда Антон вырашыў, што вопыту сядзення ў СІЗА яму дастаткова і вырашыў застацца вольным чалавекам. Ен выехаў з краіны і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Цяпер юнак марыць пра хутчэйшую адаптацыю і сустрэчу з каханай дзяўчынай.

«Ён — чалавек-свята»: блізкія распавядаюць пра 19-гадовага палітвязня Антона Сіманенкава

Блізкія палітвязня распавялі «Вясне» пра ягонае захапленне праграмаваннем, любоў да сям'і і вандровак, а яшчэ — пра падтрымку, якая ратуе ўсіх у гэты няпросты час.

Крыніца: Удзельніка акцыі пратэсту апазналі па відэа на азербайджанскім сайце, асудзілі, але... Гісторыя мае пазітыўны працяг