Гомельскі абласны суд 10 жніўня разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Вікторыі Кульшы на прысуд суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Прысуд пакінулі без зменаў. Адбываць тэрмін Вікторыя будзе ў жаночай папраўчай калоніі № 24. Яна мяркуе, што адразу па прыбыцці яе закінуць у ШІЗА ці ПКТ. Пакуль палітзняволеная чакала апеляцыю, на яе ціснула адміністрацыя гомельскага СІЗА-3, таму яна на знак пратэсту два тыдні трымала галадоўку. Нядаўна ў яе пачаўся крывацёк, але турэмныя лекары пра гэта нібыта не ведалі, таму і не аказвалі ёй медыцынскую дапамогу. "Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра стан здароўя Вікторыі Кульшы і як на яе ціснуць у месцах зняволення. У сакавіку супраць адміністратаркі тэлеграм-канала «Кіроўцы 97%» Вікторыі Кульшы ў гомельскай жаночай калоніі № 4 распачалі новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч. 1 арт. 411 Крымінальна кодэкса). Суд над палітзняволенай праходзіў на тэрыторыі папраўчай установы, а ейных сваякоў на працэс не прапусцілі. Суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Сяргей Мальцаў прызначыў Вікторыі ў дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі яшчэ адзін год у зняволенні. 10 жніўня ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі палітзняволенай. Прысуд пакінулі без зменаў.

kulsha_vitkory.jpg
Вікторыя Кульша

Пасля прысуду жанчыну перавялі ў гомельскае СІЗА-3, адміністрацыя якога працягнула здзеквацца з палітзняволенай. Спачатку яна сядзела з жанчынамі, асуджанымі за забойства, па «наркатычных» артыкулах, за аліменты. Па словах Вікторыі яны сукамерніцы забіралі ў палітзняволенай каву, гарбату, цыгарэты. Ёй было цяжка знайсці з імі кантакт. Таму, калі ёй прапанавалі перайсці ў «адзіночку», яна пагадзілася. Цяпер Кульша сядзіць адна ў камеры для непаўнагадовых.

Акрамя гэтага, у СІЗА Вікторыя два тыдні трымала галадоўку на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. Вядома, што жанчыне перашкаджалі адправіць скаргу ў Генеральную пракуратуру. Скаргу дзяжурныя прынялі і нібыта адправілі, але потым заявілі, што згубілі яе. Тады Вікторыя абвесціла галадоўку. У гэты час яе ўтрымлівалі ў камеры пры санчастцы. Яна прасіла лекараў адправіць яе ў лякарню, але ёй адмовілі і сказалі, што зробяць гэта толькі тады, калі яна будзе «на апошнім кананні». Цяпер жанчына важыць 56 кілаграмаў, пры тым, што да затрымання яна была каля 75.

«Падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных сродкаў"»: як улады пераследуюць палітзняволеную Вікторыю Кульшу

Пра тое, як праходзіў суд над Вікторыяй, пра ейную «змову» з Марыяй Калеснікавай, пра пагрозы адміністрацыі калоніі і пра тое, як жанчына пачуваецца цяпер, пасля 20 месяцаў у зняволенні, — дачка Вікторыі распавяла «Вясне».

У пачатку жніўня ў Вікторыі пачаўся маткавы крывацёк. Такое ўжо здаралася з ёй — яшчэ да першага суда ў жодзінскім карцары, куды яе змясцілі ў якасці спагнання на 20 сутак. Гэтым разам жанчыне таксама не аказалі медыцынскай дапамогі. На пытанне дачкі, чаму маці не атрымлівае дапамогу, лекары адказалі, што не ведалі пра ейныя праблемы са здароўем, бо Вікторыя нібыта і не скардзілася. Пры гэтым аналізы ў жанчыны бралі — па іх выніках здароўе ў жанчыны добрае.

Медыцынскую перадачу ад дачкі не прынялі. Яна спрабавала перадаць лінзы для вачэй і таблеткі, але лекары сказалі, што «ў яе ёсць акуляры і няхай адчувае сябе як дома, а астатнія лекі ёсць і ў ізалятары».

Апошняя сустрэча з адвакатам у Вікторыі прайшла не як звычайна, а праз што і краты. Вікторыя мяркуе, што іх размову праслухоўвалі. Цяпер жанчына чакае этап у папраўчую калонію № 24 у Зарэччы. Гэта калонія для жанчын, у якіх ёсць непагашаная судзімасць. Туды нядаўна перавялі і палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк. Пры гэтым адміністрацыя калоніі доўгі час адказвала сваякам Паліны, што яна там не знаходзіцца. Пазней яны даведаліся, што першыя 20 сутак у калоніі жанчына правяла ў ШІЗА.

«Мама не разумее, чаму яе лічаць такім «злосным парушальнікам», бо яна ціха сядзіць, а яе проста зневажаюць, даюць усе магчымыя спагнанні. Галадоўкі — гэта апошняе, што яна можа зрабіць, але, як паказала практыка, і гэта не дапамагае. Хутка будзе этап у ПК-24 і яна вельмі яго баіцца, бо на Зарэччы яе ўжо ведаюць і чакаюць. Яна ўпэўнена, што пасля этапу яе амаль адразу чакае ШІЗА ці ПКТ», — распавядае дачка палітзняволенай Аляксандра.

Карцар, ШІЗА, ПКТ, галадоўка і падкінутыя таблеткі — як на Вікторыю ціснуць у месцах зняволення

Нагадаем, у няволі палітзняволеная знаходзіцца з 4 лістапада 2020 года. За 20 месяцаў на яе рэгулярна аказваюць ціск. У СІЗА-1, дзе яна знаходзілася да першага суда, яе некалькі разоў адпраўлялі ў карцар. Пры гэтым у першы раз яе туды змясцілі адразу пасля весткі пра смерць бацькі. У Жодзіне паводле двух пратаколаў Вікторыю закінулі ў карцар на 20 сутак, але адразу яна адбыла там толькі 17 — у яе пачаўся крывацёк і жанчыну перавялі ў камеру. Як толькі самаадчуванне Вікторыі палепшылася, яе адправілі «даседжваць» трое сутак.

У гомельскай папраўчай калоніі Кульша правяла ў штрафным ізалятары агулам 32 дні. Пасля гэтага былі пяць месяцаў у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) і новы крымінальны артыкул за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі». Прычынай для змяшчэння ў ПКТ стала тое, што палітзняволеная не зашпіліла ніжні гузік паліто. Жанчына ў знак пратэсту абвясціла галадоўку, якую трымала 11 дзён: дзевяць дзён без ежы і яшчэ два — без вады. Яна сказала, што будзе вымушана давесці сябе да абязводжвання і адмовіцца ад медыцынскай дапамогі, каб яе змясцілі ў лякарню, дзе яна атрымае «чалавечыя ўмовы». За гэта яе паставілі на прафулік як «схільную да суіцыду». Спачатку ёй прызначалі толькі два месяцы ў ПКТ, але пасля выхаду адміністрацыя вырашыла дадаць яшчэ тры месяцы.

Акрамя гэтага, паводле самай палітзняволенай, ёй «падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных рэчываў"», на што яна сказала: «Толькі ў вас у калоніі такое бывае».

У Мінску трох адміністратараў каналу "Кіроўцы 97%" адправілі ў калонію

У судзе Заводскага раёна чацвёртага чэрвеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”.

Беларусы на «крытай»: як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Падтрымайце Вікторыю лістамі салідарнасці і тэлеграмамі:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А,

Вікторыя Аляксандраўна Кульша

Крыніца: Палітзняволенай Вікторыі Кульшы пакінулі прысуд у сіле. Ёй пагражаюць ціскам у новай жаночай калоніі для "рэцыдывістак"