4 жніўня Гомельскі абласны суд вынес рашэнне па справе Івана Янчанкі, якога абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК.

Судовае пасяджэнне ўзначаліў Аляксей Хлышчанкоў.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 35 гадоў, жыве ў Чэрыкаве, некалькі разоў быў асуджаны за незаконны абарот наркатычных сродкаў. Праз падазрэнне ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 КК яго затрымалі сёлета ўзімку.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў верасні 2021 года, знаходзячыся ў Жлобіне, у "ВКонтакте" пад паведамленнем пра перастрэлку, у выніку якой загінулі супрацоўнік КДБ Федасюк і айцішнік Андрэй Зельцэр, ён пакінуў наступны каментар: "Народ открыл счет". Пасля гэты каментар трактавалі як "заклік да барацьбы з праваахоўнымі органамі".

Згодна з версіяй абвінавачвання, "гэтае паведамленне распальвала агрэсіўнасць інтэрнэт-карыстальнікаў, гераізавала дзеянні тэрарыста, які забіў супрацоўніка КДБ. Акрамя таго, яно змяшчала ўхваленне і прапаганду ўзброенага супраціву прадстаўнікам улады і праваахоўнікам Беларусі, распальванне нянавісці, сацыяльнай варожасці".

Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасцяў з залы суда няма.

Вядома толькі, што 4 жніўня суд Гомельскай вобласці прызнаў Івана Янчанку вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 КК "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы". У сукупнасці з пакараннем, прызначаным судом Чэрыкаўскага раёна летась ў траўні (паводле якога артыкулу, праваабаронцам невядома), Янчанку прызначылі зняволенне тэрмінам на 3 гады і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуд не набыў законную моц, можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Мяркуючы па ўсім, гэта далёка не апошні суд па "справе Зельцэра". Надоечы начальнік галоўнага ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі Уладзімір Шышко паведаміў, што ў суд перадалі ўжо 57 крымінальных спраў супраць беларусаў, якія пакінулі негатыўныя каментары пра супрацоўніка КДБ Федасюка, які загінуў разам з айцішнікам Андрэем Зельцэрам.

Падчас прэс-канферэнцыі Шышко запэўніў, што сілавікі ўжо вылічылі "абсалютна ўсіх" людзей, што пакідалі такія каментары, — перадае zerkalo.io.

Нагадаем, судовыя працэсы за каментары пра загінулых айцішніка Зельцэра і супрацоўніка КДБ Федасюка пачаліся яшчэ ў студзені 2022 года. З тых часоў суды адбываюцца рэгулярна, і часцей за ўсё каментатарам прызначаюць менавіта пазбаўленне волі.

Згодна са звесткамі праваабаронцаў, агулам па "справе Зельцэра" было затрымана больш за 200 чалавек, 136 з іх узятыя пад варту. Сілавікі таксама паведамлялі пра затрыманне звыш дзвюх сотняў чалавек. Супраць іх распачалі крымінальныя справы паводле артыкулаў пра распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК) і абразу прадстаўнікоў ўлады (арт. 369 КК).

Крыніца: За каментар пра "справу Зельцэра" жыхара Чэрыкава асудзілі да 3,5 гадоў калоніі