4-5 жніўня ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

5 жніўня

З'явілася інфармацыя пра магчымае затрыманне спявачкі Мэрыем Герасіменка і ўладальніка бара «Банкі-бутэлькі»

Увечары 3 жніўня на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі» на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт мінскай спявачкі Мэрыем Герасіменка.

Сярод песень, якія выканала спявачка, былі і творы ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы» – як мінімум трэк «Обіймі». Гледачоў на канцэрт сабралася шмат, яны публікавалі відэа ў сацсетках, нярэдка — са стыкерамі ў жоўта-сініх колерах і іншымі знакамі падтрымкі Украіне. Гэта абурыла прапагандыстаў.

Пасля гэтага Мэрыем перастала з'яўляцца ў сацсетках. Тэлефоны яе студыі вакалу не адказваюць. Ёсць звесткі, што спявачка затрымана, як і ўладальнік бара «Банкі-бутэлькі». Пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўдалося.

Зноў затрымалі гродзенскага рок-музыку Ігара Банцэра

Ігар Банцар

Як стала вядома, яго затрымалі ўчора, 4 жніўня.

Са словаў сваякоў, жалезныя дзверы ў гродзенскай кватэры выламалі, Ігара забралі і завезлі ў Мінск. На той момант Ігар знаходзіўся ў кватэры адзін. Прычына затрымання невядомая.

«Затрымліваў ці то ГУБАЗіК, ці то КДБ», — удакладнілі сваякі.

Банцэр ужо адсядзеў тэрмін пасля пратэстаў 2020 году. Яго судзілі за хуліганства, бо ён у верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай. Яго асудзілі на паўтара гады «хіміі». Падчас суду Банцэр трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

Пасля вызвалення сёлета ён адмовіўся з'язджаць з Беларусі.

Палітвязня Ігара Аліневіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, у мазырскую калонію этапавалі ў канцы траўня. З таго часу на яго бесперапынна аказваецца ціск: па надуманых прычынах яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 сутак, пасля чаго перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Пры гэтым за 21 месяц у зняволенні Ігара ніводнага разу не каралі ізалятарам.

Цяпер стала вядома, што 8 жніўня адбудзецца суд па ўзмацненню рэжыму і пераводзе Ігара ў турму. Справу будзе разглядаць суддзя Мазырскага раёна Валянціна Новікава.

У Гомелі зноў затрымалі Алену Кравец 

27 ліпеня паведамлялася пра тое, што на працоўным месцы затрымалі жыхарку Гомеля Алену Кравец. Тады яе адпусцілі на наступны дзень і прысудзілі штраф па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў). Стала вядома, што ўчора Алену зноў затрымалі ў межах крымінальнай справы.

Што гэта за справа – дакладна невядома, але затрыманне можа быць звязанае са змесцівам тэлефона Кравец, які міліцыянты не вярнулі ёй пасля затрымання. У яе тэлефоне, нібыта, знайшлі відэа вайсковай тэхнікі, якое яна перасылала ў паблік «Рэальная Беларусь».

У Гомелі пасля ператрусу затрыманы Аляксандр Іваноў

4 жніўня каля 6:30 раніцы ў кватэру да актывіста ўварваліся сілавікі ў камуфляжы. Быў праведзены ператрус, пасля чаго Іванова павезлі на допыт. Папярэдне вядома, што яму прад’яўленае цяжкае абвінавачанне па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць пакаранне ў розных частках ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандр Іваноў затрымліваўся на пратэстах пасля выбараў 2020 года, быў адміністратыўна арыштаваны на 14 сутак. Таксама прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці зараспаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У Беларусі з'явіліся экстрэмісцкія стыкеры 

Суд Цэнтральнага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэлеграм-стыкеры «Luka» і «Sasha 3%».

Таксама па заяве Віцебскага транспартнага пракурора інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Останови вагоны – официальная группа» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Палітвязню Андрэю Чудзінаву ў калоніі адмаўляюць у званках і перадачах

Як паведамляюць блізкія палітзняволенага Андрэя Чудзінава, адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 не дае палітвязню дазвол на перадачы, грашовыя пераводы і званкі. У калоніі Андрэй знаходзіцца з канца чэрвеня.

Нагдаем, у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 17 сакавіка да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі 40-гадовагаАндрэя Чудзінава. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 КК (Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у «Маршы Новай Беларусі» 23 жніўня 2020 году. За кратамі яго ўтрымліваюць ужо пяць месяцаў. Вядома, што ў СІЗА палітвязня змяшчалі ў ШІЗА.

4 жніўня

У Мінску затрымалі журналіста Ігара Хмару 

Таксама Ігар вядомы тым, што ладзіў шпацыры па Мінску. Пра гэта паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на «Спісы Акрэсціна».

Затрыманне адбылося ўвечары 2 жніўня пасля шпацыру па Мінску. Паводле папярэдняй інфармацыі, Ігара пасадзілі ў сіні бус двое супрацоўнікаў міліцыі.

ГУБАЗіК затрымаў сем чалавек, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе

Як піша ведамства, усіх затрыманых «звязваюць або роднасныя сувязі, або агульнае месца працы. Вось так у адзін з летніх дзён, сабраўшыся разам і ўволю нафатаграфаваўшыся на праезнай частцы ўсе разам зарабілі сабе артыкул 342 КК Беларусі».

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Затрыманні былога палітвязня, спявачкі, журналіста, "экстрэмісцкія" стыкеры: хроніка пераследу ў Беларусі 4-5 жніўня