У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”, сімвалічныя “хросныя” з’явіліся ў палітвязняў Крысціны Чаранковай, Ірыны і Антона Мельхераў, Дзмітрыя Падрэза, Алены Гнаўк, Марыны Дуброўскай, Паўла Юхневіча, Сяргея Сакаўца, Юрыя Бялько, Юліі Лабуновай.  erik_marquardt.jpg

Эрык Марквардт — дэпутат Еўрапарламента. Ён стаў "хросным" Крысціны Чаранковай і заяўляе:

"Беларускі рэжым бросіў Крысціну Чаранкову ў турму за пратэст супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне. Як антыфашыстка, Крысціна Чаранкова займалася DIY-панкам і рэгулярна ладзіла канцэрты ў сваім мястэчку Мазыр, дзе стаялі расейскія войскі, якія напалі на Украіну. Яна залучала расейскіх салдат у дыскусіі і паказвала ім сярэдні палец. Цяпер ёй пагражае ад трох да пяці гадоў турмы за дэманстрацыю супраць гэтай злачыннай захопніцкай вайны. Я патрабую вызвалення Крысціны Чаранковай і больш чым 1200 іншых палітвязняў у Беларусі".

Аніка Мертэн з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага. Яна стала "хроснай" Ірыны і Антона Мельхераў. Яна тлумачыць:

"На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1200 палітычных зняволеных. Для мяне як прадстаўніцы Свабоднай дэмакратычнай партыі надзвычай важна даць гэтым людзям права голасу, стаўшы "хроснай". Недапушчальна, як рэжым Лукашэнкі дзейнічае супраць людзей, якія ў законных пратэстах паказвалі на дэфіцыт дэмакратыі і даказаныя фальсіфікацыі выбараў у сваёй краіне і змагаліся супраць такіх умоў. Невыносна ўсведамляць, што ў беларускіх турмах пануюць катаванні і самавольства. Таму я заклікаю да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і як мага хутчэйшага правядзення новых выбараў. Менавіта гэта павінна стаць вынікам структураванага дыялогу паміж апазіцыяй і ўладай пры пасярэдніцтве Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ)".

laurent_wehrli.jpg

Ларан Верлі з'яўляецца дэпутатам Нацыянальнага савета Швейцарыі. З нагоды прыняцця "хроснага бацькоўства" Дзмітрыя Падрэза ён заявіў:

"Я заклікаю да неадкладнага вызвалення Дзмітрыя Падрэза і ўсіх палітвязняў у Беларусі, якія знаходзяцца ў зняволенні за тое, што яны выступалі за свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закона ў сваёй краіне. Я ад усёй душы салідарны з усімі імі. Пры затрыманні ў ліпені 2021 года Падрэза збівалі і здзекаваліся з яго, а ў сакавіку гэтага года яму прысудзілі сем гадоў зняволення. Асуджаючы бесчалавечныя дзеянні беларускіх уладаў і гэта відавочна палітычна матываванае рашэнне суда, з сённяшняга дня я бяру на сябе ролю "хроснага бацькі" Падрэза".

ged_nash.jpg

Дэпутат ніжняй палаты парламента Ірландыі (Dáil Éireann) Гед Нэш узяў на сябе "хроснае бацькоўства" Алены Гнаўк і пракаментаваў гэта наступным чынам:

"Я салідарны з палітычнай зняволеннай Аленай Гнаўк, якая знаходзіцца ў турме за тое, што патрабавала свабодных выбараў і дэмакратыі ў Беларусі. Шэраг незалежных праваабарончых арганізацый пацвердзілі, што са студзеня 2022 года яна знаходзіцца ў зняволенні за ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Да гэтага да яе ўжываўся хатні арышт і некалькі карацейшых перыядаў утрымання пад вартай. Алена — адна з каля 70 удзельнікаў і ўдзельніц знакамітых "карагодаў" 13 верасня 2020 году ў Брэсце, якія з таго часу сутыкнуліся з крымінальнай адказнасцю. Я патрабую, каб Алена была неадкладна вызваленая і каб яна і ўсе яе суграмадзяне маглі свабодна карыстацца правам на мірныя сходы, не баючыся пераследу".

katrin_uhlig.jpeg

Дэпутат нямецкага Бундэстагу Катрын Уліг з нагоды ўступлення ў "хроснае бацькоўства" Марыны Дуброўскай заяўляе:

"Я падтрымліваю адважных людзей у Беларусі, якія, нягледзячы на высокую асабістую цану, якую яны плацяць за гэта, выступаюць за дэмакратыю і вяршэнства закону ў сваёй краіне. Я хачу выказаць ім салідарнасць і павагу. Таму я стаў "хросным" Марыны Дуброўскай. Як валанцёрка яна вяла кампанію за дэмакратычныя выбары ў Беларусі, за што ў снежні 2021 года была арыштаваная, абвінавачаная і змешчаная пад хатні арышт. Няхай нават мы не можам звязацца з ёй наўпрост, мы не забудзем пра Марыну Дуброўскую, яе смеласць і прыхільнасць справе дэмакратыі. Правы чалавека — гэта ўніверсальныя правы, і нельга забываць ні пра аднаго палітвязня".

marlene_schoenberger.jpg

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марлен Шонбэргер стала "хроснай" Паўла Юхневіча і кажа:

"У Беларусі застаюцца сотні палітвязняў. Адзін з іх — Павел Юхневіч, сябра выбарчай каманды апазіцыйнага дэпутата Віктара Бабарыкі. Юхневіча затрымалі 19 сакавіка 2021 года, яму прад'явілі абвінавачанне і прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Гвалтоўнае прыгнечанне і рэпрэсіі супраць палітычнай апазіцыі — гэта баязлівая стратэгія, якую выкарыстоўваюць дыктатары для забеспячэння ўласнай улады. Мы цалкам салідарныя з Юхневічам і многімі іншымі палітвязнямі, якія змагаюцца за захаванне дэмакратыі, свабоды і вяршэнства права і сталі ахвярамі падаўлення палітычнага пратэсту ў Беларусі. Дыктатарскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі топча асноўныя дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека. Як дэпутатка парламента, я хацела бы выкарыстаць свой патэнцыял, каб звярнуць увагу на той факт, што апазіцыя і палітычная актыўнасць з'яўляюцца жыццёва важнай часткай дэмакратыі. Вязні ў беларускіх турмах не забытыя, мы іх бачым! Пасля вызвалення Юліі Гарачкі, "хроснай" якой я была, я вырашыла зараз апекаваць Паўла Юхневіча".

Пасля вызвалення палітвязня Глеба Фіцнера еўрадэпутат Іван Штэфанец цяпер бярэ на сябе "хроснае бацькоўства" Сяргея Сакаўца. Ён кажа:

"Пасля вызвалення спадара Глеба Фіцнера, які адбыў пакаранне, я вырашыў "усынавіць" іншага палітвязня, Сяргея Сакаўца, інжынера-энергетыка, прысуджанага да чатырох гадоў пазбаўлення волі за нібыта абразу прэзідэнта Беларусі. Ён паказаў, што падчас утрымання пад вартай яго збівалі, што з'яўляецца неверагодна бесчалавечным. Такія людзі, як Сяргей, адстойваюць лепшую будучыню для сваёй краіны і заўсёды могуць разлічваць на маю падтрымку, каб іх адвага і ахвяры не былі марнымі. Сваёй мужнасцю супрацьстаяць аўтарытарнаму рэжыму і змагацца за свабоду і дэмакратыю ён заслужыў маю салідарнасць і глыбокую павагу".

kaweh_mansoori.jpg

Кавэ Мансуры, дэпутат Бундэстагу ад СДПГ, які стаў "хросным" Юрыя Бялько, заяўляе:

"У знак салідарнасці з адважнымі апазіцыянерамі ў Беларусі я стаў "хросным бацькам" Юрыя Бялько, які несправядліва ўтрымліваецца ў якасці палітычнага зняволенага ў Беларусі. Пад прыкрыццём агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны Лукашэнка працягвае пашыраць беззаконне на дзяржаўным узроўні. Пасля выбараў у жніўні 2020 года беларуская грамадзянская супольнасць сутыкнулася з узмацненнем рэпрэсій. Спадар Бялько і шматлікія палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя! Мы вас бачым, мы вас чуем і не забудзем пра вас".

ye-one_rhie.jpg

Е-Ван Ры — дэпутатка нямецкага Бундэстага. Рашэнне стаць "хроснай" Юліі Лабуновай яна каментуе так:

"Права на свабоду выказвання меркаванняў, свабоду творчасці і пратэст з'яўляецца важным дэмакратычным дабром і фундаментальным правам. Сваёй творчай акцыяй пратэсту Юлія Лабунова не здзейсніла ніякага злачынства. Наадварот, яна праявіла адвагу, скарысталася правам на свабоду слова і аказала супраціўленне Лукашэнку. Арышт Юліі Лабуновай яшчэ раз даказвае, што Лукашэнка топча каштоўнасці дэмакратыі і свабоды і выкарыстоўвае любыя рэпрэсіі, каб прымусіць замаўчаць грамадзянскую супольнасць. Я патрабую вызвалення Юліі Лабуновай і ўсіх іншых палітвязняў!"

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Крыніца: Новыя еўрапейскія "хросныя" з'явіліся ў беларускіх палітвязняў