У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманы Уладзімір Рыдуха

Уладзімір Рыдуха
Уладзімір Рыдуха

Мужчына пакінуў каментар пад допісам у сацсетках, у якім беларусаў запрашалі наведаць музей на колах "Поезд Победы". Пад гэтым постам мужчына напісаў: "Бродячий цирк русского победобесия". У праўладным тэлеграм-канале паведамляецца, што прычына затрымання Уладзіміра Рыдухі"Абраза памяці подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне". Таксама пазначана, што ў адносінах да затрыманага распачата крымінальная справа. Дзе цяпер знаходзіцца мужчына і які дакладна артыкул яму інкрымінуюць, пакуль невядома.

Магілёўскі ГУБАЗіК затрымаў студэнта Юрыя Шырокага

Юрый Шырокі
Юрый Шырокі

Сілавікі паведамілі пра затрыманне Юрыя Шырокага, студэнта факультэта псіхалогіі 3-га курса Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як заяўляюць сілавікі, прычынай затрымання стаў удзел Шырокага ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Сам жа хлопец на "пакаяльным" відэа паведаміў, што прычынай затрымання стаў "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".

У Гомелі затрыманы фатограф Сяргей Лысенка

Сяргей Лысенка
Сяргей Лысенка

Ёсць дадзеныя, што ў момант затрымання Сяргей Лысенка знаходзіўся ў парку, дзе павінна было адбыцца свята для ўкраінскіх дзяцей.

Праўладныя СМІ пішуць, што Сяргею прысудзілі 15 сутак, аднак невядома, па якім артыкуле. У 2021-м з вобшукам да яго ўжо прыходзілі сілавікі. Тады ў фатографа забралі смартфон і ноўтбук. У 2020-м мужчына здымаў акцыі пратэста ў Гомелі, паведамляе zerkalo.io.

Нагадаем, раней на 7 сутак за краты патрапіла арганізатарка свята для украінскіх дзяцей — Ала Караленка. Яе таксама затрымалі ў Гомелі.

Крыніца: Затрыманні за каментары, грамадзянскую пазіцыю і прафесію: хроніка пераследу 6 ліпеня