У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітвязень Мікалай Статкевіч этапаваны з СІЗА №3 у Гомелі

Мікалай Статкевіч. Фота: hramada.org

Пра гэта напісала ў Фэйсбуку ягоная жонка Марына Адамовіч. Куды этапавалі Статкевіча, яна дакладна не ведае:

"Калі "па законе", то ў Глыбокае. Толькі там ёсць асаблівы рэжым, то бок, "камернае ўтрыманне" - такая сабе турма ў калоніі. Застаецца толькі чакаць і маліцца, каб этап не быў занадта цяжкім. Хаця гэта цяжка заўжды".

Нагадаем, што 14 снежня 2021 года суд у Гомелі прысудзіў аднаму з лідараў беларускай апазіцыі Мікалаю Статкевічу 14 гадоў пазбаўлення волі.

Новыя "пакаяльныя відэа" з падпісантамі экстрэмісцкіх каналаў і чатаў

Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, створаных на месцы раней заблакаваных, публікуе відэа з затрыманым падпісчыкамі “экстрэмісцкіх" каналаў і чатаў. На адным з іх лабарантка біялагічнага факультэта БДУ Алена Андрэеўна прызнаецца, што адміністравала дваровы чат. Па сцвярджэнні канала, яе хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Пра інфармацыі сілавікоў, затрыманая была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і стварыла свой чат пад назвай «Цягнічок з Варанянскага».

Яшчэ на адным з “пакаяльных” відэа мужчына прызнаецца, што быў падпісаны на экстрэмісцкія каналы і чаты, дазваляў абразлівыя выказваннні на адрас супрацоўнікаў міліцыі, пракуратуры, суддзяў. Ён кажа, што на момант затрымання супрацоўнікамі АМАПу і САХРа з’яўляўся афіцэрам МНС, пражывае ў Мінскім раёне.

У дачыненні да затрыманага распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 і 391 Крымінальнага кодэкса.

Інстаграм HrodnaLife, услед за іншымі сеткамі сайта, прызнаны экстрэмісцкім

Суд Ленінскага раёна Гародні прыняў рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі мясцовага СМІ HrodnaLife, а менавіта: інтэрнэт-старонкі ў сацсетцы Instagram, а таксама візуальных матар’ялаў, такіх як лагатып, лічбавы вадзяны знак ды іншыя выявы, экстрэмісцкімі. 

Нагадаем, што сам інфармацыйны рэсурс ужо зазнаваў на сабе рэпрэсіі. Сайт парталу на тэрыторыі Беларусі заблакаваны. Тэлеграм-канал СМІ быў прызнаны экстрэмісцкім яшчэ ў ліпені 2021 года.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Новыя "пакаяльныя" відэа і "экстрэмісцкія" каналы: хроніка пераследу 22 чэрвеня