21 чэрвеня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Гродна вынесены прысуд 58-гадовай Юліі Каваленка. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".

Справу разглядзеў суддзя Руслан Гурын. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Аляксандр Седач — ён знакаміты не толькі ўдзелам у палітычна матываваных справах, але і тым, што выступаў перад школьнікамі ў Гродна з аповедам пра "генацыд беларусаў", выкарыстоўваючы ілюстрацыі з блакаднага Ленінграда. 

Пацярпелыя па справе — былая супрацоўніца гродзенскага АМАПа Марыя Мазуркевіч і цяперашняя супрацоўніца гродзенскага АМАП Дар'я Бандарчук. Яны вядомыя тым, што 9 жніўня ў Гродна жорстка збілі фармацэўтку Марыну Палікарпаву. Тады на просьбу прадставіцца яны адказалі: «Я — Маша Лукашэнка, а я — Наста Лукашэнка». 17 снежня жанчыне прысудзілі два года "хатняй хіміі": абараняючыся ад прыёму здушэння, жанчына інстынктыўна ўкусіла адну з супрацоўніц міліцыі. А таксама — спагнаць па 1500 рублёў на карысць пацярпелых, 162 рублі дзяржпошліны, а таксама 440 рублёў і 40 капеек выдаткаў на судмедэкспертызу.

Справа Палікарпавай: амапаўкі збівалі і фізічна душылі жанчыну. Цяпер яе абвінавачваюць у гвалце над імі

Згодна з дзяржабвінавачаннем, Палікарпава позна ўвечары 9 жніўня прымала ўдзел у мітынгу ў цэнтры горада, за што яе і затрымалі.

У чым жанчыну прызналі вінаватай?

Згодна з тэкстам абвінавачання, маючы намер публічна абразіць прадстаўнікоў улады, 4 верасня 2020 года Юлія Каваленка у суполцы "Hrodna.life" на Facebook пакінула абразлівы каментар у бок Мазуркевіч і Бандарчук. Пры гэтым жанчына ўсвядомлівала публічнасць свайго дзеяння, каментар быў "непрыстойным — па форме і зневажальным — па накіраванасці". Ён утрымліваў ненарматыўную форму моўнага выказвання. Пракурор не зачытваў тэкст каментара, але ён застаўся пад пастом у Facebook і яго называла падчас допыту Мазуркевіч. Каваленка напісала пад навінай слова "С.чки".

Па словах Аляксандра Седача, вінаватасць Каваленкі пацвярджаецца пратаколамі агляда тэлефонаў, сведчаннямі абвінавачанай і пацярпелых. 

Каментар выявілі супрацоўнікі міліцыі амаль праз два гады: у красавіку 2022 года.

Што сказала абвінавачаная?

Юлія Каваленка прызнала сябе цалкам вінаватай. Яна распавяла, што калі ў той вечар была дома.    

"Вы кажаце, я яго захоўвала. А я нават пра яго не помніла... Так даўно гэта было", — сказала яна падчас допыту пракурорам. Яна ўзгадала, што выпадкова заўважыла ў сваёй стужцы навіну пра тое, што дзве жанчыны жорстка збілі лекара, якой было наложана 17 швоў. "І тады я праз эмоцыі напісала гэтае слова, паддалася правакацыі іншых каментароў. Я па натуры такая дурачка і не абыякавы чалавек, чыста па-чалавечы было шкада. Я вельмі пакрыўдзіла, я яшчэ раз выбачаюся шчыра", — сказала Юлія Мікалаеўна. Пры гэтым яна не пераследавала ніякай мэты, але разумее, што напісала зневажальнае слова. 

"Вы так не выказваецеся ў бок дачкі? А якую мэту будзеце пераследваць, калі так скажаце, нават праз эмоцыі?" — пацікавіўся пракурор.

На пытанне, ці спрабавала яна даведацца пра даставернасць гэтай інфармацыі, жанчына адказала, што цяпер упэўненая, што інфармацыя неправераная. Таксама Юлія Каваленка сказала, што выбачылася перад пацярпеўшымі і выплаціла маральную шкоду: тры тысячы рублёў пад распіскі. 

Што казалі пацярпелыя? 

amap_hrodna.jpg
Пацярпелыя Мазуркевіч і Бандарчук

Марыя Мазуркевічцяпер старшы інспектар ў АУС. Яна распавяла, што ёй стала вядома, што ў ейны бок у адкрытай суполцы быў размешчаны артыкул, што яна і ейная калега Бандарчук 9 жніўня "нібыта збілі 55-гадовую жанчыну". Пад матэрыялам былі фотаздымкі ў форменным адзенні і каментары, сярод якіх быў каментар Юліі Мікалаеўны. "Каментар канкрэтна для мяне з'яўляецца непрымальным, таму што ў паўсядзённым жыцці я так не выказваюся", — сказала Марыя. Яна распавяла, што Юлія Мікалаеўна — адзіная, хто пакрыў маральную шкоду "мірным шляхам да суда". Абвінавачаную яна прабачыла.

"Мы доўга размаўлялі, спрабавалі праясніць сітуацыю, казалі, што не трэба верыць на слова артыкулу і паддавацца эмоцыям. Падаецца, Юлія Мікалаеўна ўсё зразумела і раскаялася", — сказала Мазуркевіч.

Дар'я Бандарчук цяпер працуе на тым жа месцы. Яна пацвердзіла словы Мазуркевіч і сказала, што ўспрыняла каментар як зневажальны, але да суда яны з абвінавачанай памірыліся, Бандарчук яе прабачыла.

Права рэплікі прадставілі і пацярпелым. Марыя Мазуркевіч сказала:

"Я хачу звярнуцца больш да Юліі Мікалаеўны. Мы з'яўляемся супрацоўніцамі органаў унутраных спраў і помнім клятву і прысягу, якую мы давалі сваёй радзіме, сваёй дзяржаве. Мы з гонарам і годнасцю выконваем свае службовыя паўнамоцтвы. Нягледзячы на тое, што мы жанчыны, на нашыя плечы ўсё адно ўскладзеныя нялёгкія задачы. Мы пакідаем сем'і, маленькіх дзяцей і ідзем туды, куды кліча нас нашая радзіма. Мы не творілі беспредел. Мы абараняем жыццё і здароўе кожнага грамадзяніна, абараняем цэласнасць нашай дзяржавы. І мы, як і ўсе, хочам міра ў нашай краіне. Вам хачу пазычыць, каб у будучыні вы не паддаваліся эмоцыям і мелі халодны розум перад тым, як нешта напісаць і кагосьці абразіць"

Дар'я Бандарчук у сваёй рэпліцы сказала, што яна салідарная з дзяржабвінаваўцай і Мазуркевіч.

Абвінавачаная сказала, што шчыра раскайваецца ў тым, што здзейсніла, і падкрэсліла, што больш не пісала ніводнага каментара, не хадзіла на мітынгі, не падпісвалася на экстрэмісцкія каналы і папрасіла пакараць яе мінімальна магчымым штрафам. "Вось такая я неабыякавая да таго, што адбываецца", — падкрэсліла яна.

Пракурор Аляксандр Седач папрасіў пакараць Юлію Каваленку 1,5 гадамі абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі". Суддзя Руслан Гурын пагадзіўся з тэрмінам.

Крыніца: Паўтара года "хатняй хіміі" — за каментар у 2020 годзе