Скрыншот з відэа з гарадскіх камер відэаназірання 13 верасня ў Брэсце 17 траўня суд у Брэсце разглядзеў справу чарговых фігурантаў «карагоднай справы». На лаве падсудных былі Андрэй Уласаў і Юлія Сувалка. Абодвух абінавачваюць ва ўчыненні злачынства па ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Судовае пасяджэнне ўзначаліў камандзіраваны з Жабінкі суддзя Віктар Новік.

Нагадаем, «карагоднікамі» называюць удзельнікаў Марша герояў, які адбыўся ў Брэсце 13 верасня 2020 года. Падчас гэтага марша прысутныя слухалі музыку, спявалі песні, танчылі, смяяліся. Усяго на тым маршы было больш за тысячу чалавек. Выглядала ўсе як фестываль. Праз некаторы час сілавікі пачалі агрэсіўна разганяць прысутных і паліваць іх з вадамёта. Гэта адбылося каля 17 гадзін на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў.

Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць

Колькасць фігурантаў «справы карагодаў» падбіраецца пад сотню: па гэтай справе затрымліваюць і цяпер.

 Ужо пазней намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч адзначыў, што гэта быў першы выпадак «ужывання вадамета ў дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі» у гісторыі сучаснай Беларусі.

Удзельнікаў таго карагода пачалі затрымліваць і ўзбуджаць у адносінах да іх крымінальныя справы па ч. 1 арт. 342. Суды адбываюцца ў канвеерным парадку – людзей судзяць «партыямі». Праваабаронцы называюць гэтую справу адной з самых масавых «палітычных спраў» у гісторыі Беларусі.

Згодна з вэрсіяй абвінавачвання, Андрэй Уласаў і Юлія Сувалка ў групе з іншымі асобамі наўмысна «узялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Нібыта іх дзеянні былі спалучаныя з непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў.

Аккурат такую ж фармулёку абвінавачвання прымяняюць і ў дачыненні да іншых фігурантаў «карагоднай справы». То бок, Андрэй і Юлія выключэннем не сталі. Тым не менш, асаблівасць у гэтага суда была. Гэта быў самы хуткі суд над фігурантамі «карагоднай справы», які скончыўся менш чым праз гадзіну. Падчас спрэчак пракурорка Алена Ціхановіч прасіла суд прызнаць Андрэя Уласава і Юлію Сувалку вінаватымі ў здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт.342 і прызначыць кожнаму па 3 гады «хатняй хіміі» - абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Віктар Новік доўга не думаў, і менавіта такое пакаранне і прызначыў.

Такім чынам, ужо зараз прысуды па «карагоднай справе» у Беларусі вынеслі 129 чалавекам.

Якія суддзі яшчэ судзілі і каралі фігурантаў «карагоднай справы»:

Святаслаў Каліна, Дзмітрый Шурын, Іна Клышпач, Сяргей Маручак, Яўген Брэган, Дзмітрый Куроўскі, Вера Філонік.

Крыніца: У Брэсце адбыўся самы хуткі суд над «карагоднікамі». Лёс дваіх абвінавачаных вырашылі менш чым за гадзіну