Мікалай Аўтуховіч. Фота "Нашай Нівы" Гарадзенскі абласны суд 18 траўня пачынае разгляд крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча і “тэрарыстычнай групоўкі”, якіх абвінавачваюць па дзесяці крымінальных артыкулах.  Працэс будзе праходзіць на тэрыторыі Гарадзенскай турмы №1. Таму, каб трапіць на судовае пасяджэнне - трэба атрымаць дазвол начальніка турмы. 

Справу будзе разглядаць суддзя Максім Філатаў.

Мікалая Аўтуховіча і шэраг звязаных з ім, на думку следства, людзей, затрымалі яшчэ 1 снежня 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Усяго па “справе Аўтуховіча” праходзяць 12 чалавек. Адзін з іх – Уладзімір Гундар, які мае інваліднасць, 20 траўня 2021 года асуджаны па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі,) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Апрача Мікалая Аўтуховіча, па справе праходзяць:

Сяргей Рэзановіч,

Любоў Рэзановіч,

Павел Рэзановіч,

Галіна Дзербыш,

Уладзімір Гундар,

Вольга Маёрава,

Ірына Гарачкіна,

Віктар Снегур,

Павел Сава,

Ірына Мельхер,

Антон Мельхер.

Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў - Артур Папок – на дадзены час знаходзіцца ў вышуку

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і сябры арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль Audi 80 і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і “іншыя сябры злачыннай арганізацыі " на тэрыторыі Гарадзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вул. Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль Skoda Octavia, які належаў супрацоўніку міліцыі.

Да новага затрымання Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін — 7 гадоў і 5 месяцаў.

Афганец, прадпрымальнік, актывіст...

Мікалай Аўтуховіч — вэтэран аўганскай кампаніі, пасьпяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыску. Нарадзіўся 7 студзеня 1963 года.

Якія артыкулы інкрымінуе следства канкрэтна Мікалаю Аўтуховічу?

ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй;

ч. 2 арт. 357 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;

ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь  - здрада дзяржаве;

ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

ч. 1 арт. 290-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць;

ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго;

ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў;

ч. 3 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад;

ч.1 арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь - незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, якое дзівіць дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

У розных фігурантаў “справы Аўтуховіча” маюцца таксама і іншыя абвінавачванні: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342) і  ўкрывальніцтва цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 Крымінальнага кодэкса).

Пачатак судовага пасяджэння прызначаны на 10 гадзін.

Будзе дапаўняцца.

Крыніца: У Гарадзенскай турме пачынаецца суд па справе “групы Аўтуховіча”